“Радуйцеся, што аддалі”. У Гродне бізнесмэну вярнулі карты, якiя “памылкова” канфіскавалі

У снежні 2015 года, не разабраўшыся ў сітуацыі і спасылаючыся на паказанні падатковых інспектараў, Гарадзенскі эканамiчны суд прыняў рашэнне аб канфіскацыі картаў. Толькі Вярхоўны суд адмяніў рашэнне і загадаў вярнуць тэхніку ўладальніку.

 

У Гродне спыніў працу адзіны карцінг-клуб: падатковая арыштавала карты, шлемы і пальчаткі

 


Увесь гэты час, ад арышту маёмасці восенню 2015 года, пракат не закрываўся. “Нас не закрывалі, тэхніка была арыштаваная, бо захоўвалася без належных дакументаў – не было адмысловых папер на захоўванне. Але ў Вярхоўным судзе мы даказалі, што гэтых дакументаў у нас наогул не магло быць. Тэхніка ў нас з’явілася ў 2013 годзе, а закон уступіў у сілу з пачатку 2015 года. Закон не мае зваротнай сілы і мяне не маглi пакараць”, – распавядае Яўген.

 

Пакуль бізнесмэн даказваў гэта, ён не атрымліваў прыбытку, але мусіў плаціць арэнду, праз што меў значныя страты.

 


“Попыт моцна ўпаў і кліентам няправільна паднеслі інфармацыю”, – кажа Яўген. Ён лічыць, што з-за паведамленняў СМІ многія гарадзенцы былі ўпэўненыя, што пракат больш не дзейнічае. Ды і прызнаецца, што пасля ўсіх разглядаў у судзе жаданне развівацца амаль знікла. “Я 8 гадоў патраціў на бізнес, усё ствараў сваімі сіламі і ніхто нам ні ў чым не дапамагаў. Цяпер у мяне ёсць усе дакументы, але іх можна было без разбіральніцтва зрабіць за 15-20 хвілін, а не забіраць тэхніку і перашкаджаць весці бізнес, які ствараўся гадамі. У падатковай сказалі “Вам пашанцавала, радуйцеся, што аддалі”.


 

У суботу, 30 красавіка, Яўген адкрыў новы сезон сярод аматараў картынгу. На пляцоўцы па вуліцы Санаторнай зноў зараўлі маторы картаў, як гэта было апошнія восем гадоў.