“Афіцыйны” Саюз Палякаў ачоліў вядомы прадпрымальнік

|

Станіслаў Сямашка дагэтуль быў вядомы на Гарадзеншчыне як паспяховы бізнэсовец.

Ён першым у Беларусі атрымаў пасведчанне прадпрымальніка (дакумент мае №1).

Пачынаў з рамонту аўтамабіляў, затым купіў абсталяванне для перамоткі электрарухавікоў, у якія закладалася медзь.

“Медную справу”, па ўласным прызнанні, прыкрыў з-за “наездаў рэкетыраў“. Пра тыя часы ў інтэрв’ю двухгадовай даўніны для “Вечернего Гродно” напісаў так: “бывало всякое – и дочь угрожали похитить, и стекла били, и под дулом пистолета держали. Я прошел своеобразный перестроечный «афган»“.

Сёння “візітоўкай” бізнэсу 56-гадовага Сямашкі з’яўляецца найлепшы гарадзенскі гатэль, які носіць імя гаспадара.

У гаспадарцы прадпрымальніка ёсць і яшчэ некалькі фірмаў ды прадпрыемстваў.

Актыўнага ўдзелу ў працы Саюзу палякаў Станіслаў Сямашка дагэтуль не браў. Дарэчы, па стане на 1 красавіка бягучага года прозвішча Сямашкі фігуравала на сайце Ўпраўлення юстыцыі Гарадзенскага аблвыканкама ў якасці кіраўніка абласной філіі Партыі працы і справядлівасці.

  У якасці прыярытэтаў сваёй працы на пасадзе старшыні Саюзы палякаў Сямашка назваў пераадоленне супярэчнасцяў з уладамі Польшчы.

Нагадаем, што пасля таго як з дапамогай уладаў у 2005 г. ад пасады старшыні Саюзу палякаў была адхілена Анжаліка Борыс, урад Польшчы не прызнаваў легітымным новае кіраўніцтва Саюзу.

Яго старшыня Юзаф Лучнік быў пазбаўлены нават права наведваць Польшчу.

Пасля свайго абрання на пасаду Станіслаў Сямашка сказаў наступнае: “Непрымальна, калі адныя палякі абмяжоўваюць свабоду другіх. Усе забароны і абмежаванні, якія ўведзеныя ў дачыненні да некаторых сябраў Саюзу, не дадаюць гонару Польшчы. Калі мы не здабудзем разумення з боку ўраду Польшчы, то дойдзем да Еўрасаюзу“.

Незалежныя эксперты не сумняюцца, што кандыдатура Сямашкі ў якасці новага кіраўніка ГРАМАДСКАЙ арганізацыі “Саюз палякаў у Беларусі” была вылучана на самым вышэйшым узроўні. Па некаторых звестках, незадоўга да з’езду Станіслаў Сямашка быў выкліканы ў Адміністрацыю прэзідэнта, дзе, верагодна, і даў згоду балатавацца на пасаду новага кіраўніка Саюзу.

На здымку: Станіслаў Сямашка ля свайго гатэлю ў Гродне.

Фота: kresy24.pl