“Гродна-93” прайграў у першым матчы фіналу

З першых хвілін гульня была роўнай, але пасля пайшла з невялікай перавагай мінскай дружыны. Няўступлівыя і ўпартыя гарадзенцы на кожны рэзультатыўны стрэл “Цмокаў” імкліва знаходзілі адказ і ніяк не давалі магчымасці суперніку выйсці наперад. Але ўсё ж такi вырвацца гасцям удалося – 27:16.

 

У другой чвэрці гаспадары выдалі выдатны адрэзак, у якім змаглі не толькі дагнаць па колькасці ачкоў гасцей, але нават абыйсці. Гарадзенскія баскетбалісты сышлі на вялікі перапынак лідарамі пры ліку 47:44.

 

Пасля перапынку сцэнар другой паловы гульнi паўтарыўся, праўда лідар змяніўся. Госці правялі ўзорна трэці перыяд, у якім закінулі 36 ачкоў, гарадзенцы здолелі адзначыцца толькі 11 набранымі баламі.

 

Апошняя частка гульні засталася таксама за “Цмокамі”, хоць гарадзенцы і здолелі набраць 27 ачкоў. Але гэтага не хапіла, каб чарговы раз дагнаць гасцей у гэты вечар.

 


“Гродна-93” – “Цмокі-Мінск” 85: 111 (16:27, 31:17, 11:36, 27:31)

 

Падчас матчу траўму атрымаў лідар гарадзенцаў Дзмітрый Кузьмін. Яго ўдзел у другім матчы фінала пад вялікім пытаннем.

 

У складзе “Гродна-93”, як заўсёды, на вышыні гуляў гулец нацыянальнай зборнай Беларусі гамяльчанін Кірыл Сітнік, які рэалізаваў 10 гульнявых момантаў з 12. Ніхто больш не змог паўтарыць падобнага выніку ў складзе абедзвюх каманд. Гэтаксама на вышыні быў Вячаслаў Корж і гарадзенец Павел Карасевіч, які стаў лепшым у гэтым паядынку.

 

 

У “Цмокаў” 22 балы на рахунку 35-гадовага ветэрана Паўла Ульянка. Таксама 20 балаў запісаў на свой рахунак амерыканец Энтані Хiлард.

 

Галоўны трэнер “Гродна-93” Андрэй Васiлеўка пасля матчу сказаў, што суперніку ўдалося абыграць гарадзенцаў за кошт вялікай гульнявой практыкі з моцнымі камандамі.

 

“Менавіта нам такой практыкі і не хапае. Варта адзначыць, што першую палову матчу мы яшчэ трымаліся добра і не зразумела чаму правялі так няўдала другую. З мінчанамі заўсёды трэба быць напагатове. У другім матчы ў нас ёсць план і мы плануем гуляць на перамогу”.

 

Такім чынам, пасля першага матча “Цмокі-Мінск” вырываюцца ў лідары фінальнай серыі мужчынскага чэмпіянату Беларусі. Наступная гульня адбудзецца 7 мая ў 16.00.

 


 

Фота: Ян Лялевіч