Сёмы фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі aDNaK! стартаваў

|

Кожны год Фестываль традыцыйна прапаноўвае новую ідэю, звяртаючы ўвагу грамадскасці і прафесійнай супольнасці на актуальныя пытанні ў сферы камунікацыі і рэкламы. Ідэя сёлетняга Сёмага AD.NAK! — “аDNаK — ген беларускага крэатыву”.


 

Канцэпцыю Фестывалю тлумачыць каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі!”, ініцыятара aDNaK!, Ніна Шыдлоўская: “Фестываль ужо стаў актуальнай і чаканай з’явай. Як пісалі СМІ 7 гадоў таму, правёўшы Першы фестываль, “Будзьма!” запусціла рухавік беларускамоўнай рэкламы. Цягам гэтых гадоў мы імкнуліся акцэнтаваць увагу на розных момантах: і агулам вызначыць становішча беларускамоўнай рэкламы, і даць штуршок у развіцці рэкламна-камунікацыйнага рынку, і замацаваць беларускую мову ў сферы бізнесу як паўнавартасны і адметны сродак камунікацыі. У мінулым годзе мы надалі асаблівую ўвагу асобе самога рэкламіста. А ў гэтым годзе вырашылі зноў вярнуць увагу рэкламістаў і рэкламадаўцаў да больш глыбокіх, падставовых рэчаў: сапраўдныя шэдэўры можна ствараць толькі на грунце тысячагадовых каштоўнасцяў, якія ўжо закладзеныя ў нашых генах”.

 

 

За апошнія гады ў Мінску і рэгіёнах Беларусі стала заўважна болей беларускамоўных і беларускаарыентаваных праектаў, а таксама з’явілася пэўная колькасць камунікацыйных прадуктаў па-за ўласна беларускамоўным культурным полем, якія папулярызуюць абсалютна розныя рэчы і паслугі, выкарыстоўваючы візуальныя элементы нашай традыцыйнай культуры.

 

Спрадвечныя беларускія ўзоры цяпер можна сустрэць не толькі на ручніках або ў музеі, але і на вопратцы, аўто, апошняй мадэлі смартфона і нават на ўпакоўцы харчовых прадуктаў. Тэматыка аўтэнтыкі ўсё больш прываблівае беларускую моладзь. І бізнес, як звычайна, найперш рэагуе на попыт, усё ахвотней стварае рэкламны і камунікацыйны прадукт на падставе традыцыйных каштоўнасцяў. Аргкамітэт Фестывалю вітае гэтыя працэсы, але лічыць, што яны, з аднаго боку, павінныя ўцягваць у сваё кола ўсё новых рэкламістаў, спецыялістаў у сферы камунікацыі, культурніцкіх менеджараў і прадзюсараў, а з іншага — працягваць развіваць і паглыбляць прысутнасць беларускай культуры ў рэкламе, якая не павінная зводзіцца да пераносу традыцыйных арнаментаў на сучасныя вырабы. Такая цікавасць можа быць няўстойлівай. Таму, каб зрабіць прыкметы беларускасці натуральнымі, а нашую рэкламу —адметнай і арыгінальнай, варта іх пераасэнсоўваць і асучасніваць, выкарыстоўваючы ўсё багацце нашай больш чым тысячагадовай гісторыі і культуры.

 

Дзеля гэтага Фестываль і прапаноўвае аб’яднаць намаганні і дапамагчы беларускамоўнай рэкламе раскрыць свой ген крэатыўнасці!

 

 

Генеральным партнёрам Фестывалю трэці год запар выступае кампанія velcom. Да правядзення Фестывалю далучыліся таксама 45 арганізацыйных і медыяпартнёраў. І пул партнёраў адкрыты!

 

Прыём працаў да ўдзелу ў намінацыях і конкурсах Сёмага фестывалю aDNaK! пачынаецца 5 мая. Дэдлайн прыёму работ прызначаны на 10 чэрвеня. А неад’емная фінальная частка Фестывалю — урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў з папярэдняй адукацыйнай праграмай — пройдзе 30 чэрвеня ў Мінску.

 

 

Як адзначыў Сяргей Скараход, сустаршыня Аргкамітэта Фестывалю aDNaK! і пастаянны партнёр кампаніі “Будзьма беларусамі!”, “па сутнасці, Фестываль звярнуўся да сваіх вытокаў, але ўжо на іншым узроўні. Ідэя гена беларускасці ў тым ці іншым выглядзе была асновай і Першага фестывалю, калі мы вылучылі беларускамоўную камунікацыю з усяго таго патоку рэкламы, што існаваў напрыканцы мінулага дзесяцігоддзя. Але сёння мы ўжо не рамантыкі-даследчыкі, сёння, калі мы кажам пра беларускамоўную і беларускаарыентаваную рэкламу, на першы план выходзяць эфектыўнасць праектаў і бізнес-вынікі, якія мы назіраем у гэтым сегменце ў сучасных эканамічных абставінах”.

 

Падчас Фестывалю плануецца, як заўжды, разнастайная адукацыйная праграма з удзелам як беларускіх і замежных рэкламістаў, так і цікавых асобаў з іншых сфераў, якія пашыраюць еўрапейскія падыходы і тэндэнцыі, уплываючы на рэкламу і бізнес-камунікацыю.

 

Падрабязная праграма будзе абвешчаная напрыканцы траўня.

 

 

Дадатковую інфармацыю пра Фестываль можна атрымаць на сайце adnak.by, па тэлефоне +375 29 371-01-21 альбо праз e-mail [email protected].

 

Да ведама. 55,6% беларусаў “за” беларускую мову ў рэкламе (паводле апытання “Новак” на замову “Будзьма беларусамі!”, 2012 г.), гэтую лічбу пацвердзілі MASMI ў 2014 г. (56%). Паводле MASMI (2014 г.), 60% рэспандэнтаў падтрымліваюць беларускую мову ў афармленні гарадоў і вітрын. Адпаведнае даследаванне кампанія “Будзьма беларусамі!” плануе ў 1-м паўгоддзі 2016 г.