Сяргей Саладоўнікаў застаецца ў “Нёмане”

Адразу пасля адстаўкі Сяргея Саладоўнікава з пасады галоўнага трэнера “Нёмана” было вядома, што спецыяліст без працы не застанецца. Заслужанаму трэнеру прапанавалі месца ў структуры клуба.

 

Пасля невялiкага перапынку ён пачаў курыраваць працу ўсіх узростаў дзіцяча-юнацкай школы “Нёмана” і дублюючага складу. Атрымліваецца, што зараз Саладоўнікаў займаецца развіццём моладзевага футбола ў клубе і ніякага дачынення да асноўнай каманды, якую цяпер трэніруе Алег Кірэня, не мае.

 

Варта адзначыць, што ў апошнім туры з БАТЭ Кірэні ўдалося змяніць гульню каманды, як ён сам пасля выказаўся на прэс-канферэнцыі: “нам удалося дастукацца да гульцоў”. Калі гарадзенцы працягнуць гуляць у тым жа стылі, то ёсць верагоднасць, што яны ў хуткiм часе выберуцца з дна турнірнай табліцы.

 

Што тычыцца новага галоўнага трэнера асноўнай гарадзенскай каманды, то пакуль гэтае пытанне застаецца адкрытым. Адзіны вядомы кандыдат на гэтую пасаду Ігар Кавалевіч пакуль яшчэ не даў канчатковага адказу.

 

Варта адзначыць, што ў спартыўных колах Гарадзеншчыны ўсё больш людзей пагаворвае аб вяртанні ў “Нёман” Алега Радушкі. Але можа ўсё ж варта даць шанец Кірэні?