“Паўсюль жывуць людзі і ўсе яны – гарадзенцы”. Алесь Госцеў прэзентуе другую кнігу з серыі “Факел истины”

Язэп Драздовіч. Вечар у пустыні на Марсе. 1932

 

У размове пра кнігу мы з ім  зрабілі адно “адкрыццё” – калі Язэп Драздовіч ствараў уласны “беларускі космас”, то Алесь Госцеў жыве ў космасе гарадзенскім, і ўсе людзі, што насяляюць гэты “ўласны космас” – выключна гарадзенцы.

 

Стварэнне пуцяводнікаў па “гарадзенскім космасе” Алесь Госцеў пачынаў з “Кронана” і “Гродназнаўства”. А серыя з пятнаццаці кніг, прысвечаных знакамітым гарадзенцам, падобна нейкім чынам да “перапісу насельніцтва”, што жыве ў гэтым сусвеце.

 

“Факел ісціны” пачаўся з картатэкі “Кронана”

 

Краязнаўца распавеў, што дата, прызначаная для прэзентацыі новай кнігі – 19 мая, для яго не выпадковая: “Роўна 22 гады таму, 19 мая,  быў прэзентаваны наш са Шведам “Кронан”. А “Факел истины” вырас ужо з гэтай працы. “Яшчэ тады я пачаў асэнсоўваць, што праца па сістэматызацыі матэрыяла, якую я рабіў выключна для сябе, патрэбна і іншым”. У час працы над “Кронанам” была невялікая скрынка, куды ў храналагічным парадку аўтар складваў асобныя карткі са звесткамі пра знакамітых гарадзенцаў. 

 

Постаці 2: Алесь Госцеў


Алесь Госцеў: “Мы былі самі сабе цэнзарамі”

 

Пазней з’явіліся камп’ютары, а з імі і магчымасць пашыраць сістэму і захоўваць вялікія аб’ёмы інфармацыі. Таму да 2014 года, калі Алесь Госцеў атрымаў ад Міжнароднай акадэміі наасферы прапанову напісаць кнігу з біяграфій знакамітых гарадзенцаў, ужо была назапашана значная частка неабходнага матэрыялу.

 

“Культура трымаецца на сваіх “трох кітах” – мастацтве, навуцы і рэлігіі, – разважае Алесь, – менавіта прадстаўнікоў гэтых сфер дзейнасці я і выбраў героямі працы”. Структураваўшы канцэпцыю, аўтар зразумеў – атрымліваецца не адна кніга, а серыя з пятнаццаці! Акадэмія такую прапанову прыняла. Летась вышла першая кніга “Известные уроженцы Гродненской области. Vive La Принеманье”, за каторую Алесь Госцеў атрымаў ганаровае званне члена-карэспандэнта Акадэміі наасферы, а пару дзён таму адбылася і міжнародна прэзентацыя другой кнігі.

 

Асалода – ісці ўслед з ісцінай

 

“Кронан” у свой час складаўся “па прынцыпу ўсеахопу. На той час я быў пэўны, што мы са Шведам напісалі пра ўсё найважнейшае, што тычылася гісторыі Гродна да 1990 года”, – кажа Алесь. Канцэпцыя серыі “Факел истины” – іншая.

 

“Гэтым разам не прэтэндую на ўсеахоп герояў. Служыцеляў ісціны, напэўна, значна больш, чым патрапіла ў кнігі. Крытэрыям выбару для мяне сталі словы Макса Нардаў, што “асалоду мае не столькі той, хто атрымлівае ісціну, колькі той, хто ідзе за ёй услед”. Аўтар такім чынам бачыць гэту працу не ісцінай у апошняй інстанцыі, а рухам да той самай ісціны.

 

“Адшукаць ісціну і цешыцца з таго недастаткова. Адстойваць ісціну таксама не трэба – яна сама можа за сябе пастаяць і нават адпомсціць таму, хто яе ігнаруе”. Тое, чаго ісціна, паводле Алеся Госцева, патрабуе – каб яе трымаліся, паслядоўна ішлі ўслед. Менавіта гэта і спрабуе рабіць аўтар сваёй працай.

 

 

“Для мяне гэтыя людзі і з’яўлюцца факеламі – паходнямі ісціны. І гэта не толькі фігуральна”. Зыгмунт Урублеўскі літаральна згарэў у час эксперыменту, калі пажаўся пажар, а “той жа самы Жабрак” – “згарэў” на сваёй тэорыі пра генэтыку, хаця быў перакананы ў праваце і ў тым, што Лысенка шарлатан. Яны апантаныя, яны ахвяруюць ісціне частку душы, спальваючы сам сябе”.

 

Мікалай Ге, Што ёсць ісціна, Хрыстос і Пілат,1890

 

 

Што ёсць ісціна

 

Такім пытаннем задаваліся людзі ва ўсе вякі. То і Алесю Госцеву, скарыстаўшыся гэтым словам у назве серыі, давялося вызначыцца, што ён мае на ўвазе пад ісцінай. “Для мяне, – кажа аўтар, – гэта супадзенне ведаў з рэчаіснасцю”. З пункту ж гледжання фізікі падобнае супадзенне выклікае з’яву рэзанансу і ў выніку – рэзкага ўзмацнення і амплітуднага  росту. Гэта метафара адлюстравана на вокладцы кнігі фрагментам карціны “Алегра” з “Санаты зорак” Чурлёніса.

 

Алегра (Саната зораў), Міколоюс Чурлёніс

 

Ісціна, паводле Госцева, усеабдымная і канкрэтная адначасова. Кожная кропля новых ведаў, як крок да ісціны, дае асалоду, таму гэты шлях так вабіць. Магчыма, яна падобная да свечкі ў цемры, на свет каторай ляцяць уначы матылькі. Аднак Алесь удакладняе, што “калі ўгледзецца ў выявы карціны Чурлёніса, пабачыш, гэта не матылькі, а падобныя да чалавека істоты з крылкамі. Хутчэй, гэта тыя часткі душы, што ахвяруе асоба на шляху да ісціны”.

 

Міколаюс Чурлёніс, Ісціна

 

 

Межы Гарадзенскага сусвету

 

Геаграфічныя межы серыі аўтар абазначае паняццем Панямонне, што аб’ядноўвае Гарадзеншчыну, часткова Берасцейшчыну, Беласточчыну і нават частку сучаснай Украіны, што месцяцца ўздоўж Нёмана і ў пэўны часы ўваходзілі ў склад Гродзенскай губерні. Першую кнігу склалі біяграфіі трыццаці двух ураджэнцаў Гродна, наступныя тамы будуць прысвечаны людзям з іншых часткак Панямоння.

 

“Факел” і “Паходня” аб’яднаныя ісцінай

 

“Я адразу хацеў пісаць кнігу па-беларуску, – распавядае Алесь Госцеў, – бо па досведу “Кронана” ведаю, як цяжка пасля перавыдаць кнігу на роднай мове. “Кронан” да гэтай пары не выйшаў па-беларуску, хаця надзеі на тое мы са Шведам не губляем”. У выпадку новай серыі рускую мову прапанавала выкарыстоўваць Акадэмія наасферы, каб забяспечыць выданню большую чытацкую аўдыторыю. У гэтай сітуацыі, паводле Госцева, варта не камплексаваць з нагоды мовы, а папросту зрабіць беларускую версію “Факела…” – “Паходню ісціны”.

 

Разам з Любоўю Турмасавай, загадчыцай краязнаўчага аддзела бібліятэкі імя Карскага, Алесь выбірае беларускую версію тэкстаў для “Паходні ісціны”

 

“Гэта версія не будзе проста перакладам. Ужо зараз мне відаць, што некаторыя месцы ў кніжках патрабуюць зменаў, дапаўненняў ці скарачэнняў. Такім чынам беларуская версія серыі паўстане вынікам удасканялення і творчай дапрацоўкі матэрыяла, а не чыста тэхнічнай змены мовы”.

 

Каляровы эксперымент у “гарадзенскім космасе”

 

Распавядаючы, што вялікую дапамогу ў працы над кнігай аказваюць ліцэісты, Алесь Госцеў удакладніў: ліцэісты – гэта вучні ліцэя, іх бацькі і выкладчыкі. “Мы з жонкай такім чынам ужо патройныя ліцэісты, – жартуе краязнаўца, – бо ў ліцэй ходзяць ужо і дзеці нашых дзяцей”.

 

 

Каб зрабіць бачным унёсак ліцэістаў у працу, Алесь абазначыў іх імёны ў алфавітным указальніку кнігі чырвоным колерам. “Гэта Андрэй Вашкевіч, Дзяніс Нарэль, Дзіма Люцік, Алена Фіронава, мая жонка і двое ўнукаў і яшчэ шмат тых, што вучыўся ці зараз вучыцца ў ліцэі”.

 

Гродна перадусім

 

“З Андрэем Вашкевічам нядаўна напаўжартам абмяркоўвалі – ці можа гарадзенец здрадзіць свайму гораду на карысць, напрыклад, краіне? І атрымалася, што не можа. Горад застаецца на першым месцы”. Таму, мяркуе Алесь Госцеў, добра, што ёсць магчымасць працаваць для роднага горада, ісці за яго ісцінай, адкрываць яго бясконцы сусвет і знаёміцца з яго героямі. Гэтым шляхам, пачатым ад “Гродназнаўства” і “Кронана”, Алесь Госцеў працягвае ісці. Зараз яму  асвятляе  шлях “Паходня ісціны”.

 

 

Здымкі аўтаркі