У Гродзенскім раёне 10-гадовы хлопчык пацярпеў ад выбуху буйнакалібернага патрона

|

18 траўня каля 17 гадзін з вёскі Новая Гожа Гродзенскага раёна брыгада хуткай дапамогі даставіла пацярпелага хлопчыка ў шпіталь. Дыягназ – выбуховая траўма правай рукі з поўным адрывам першага пальца і пашкоджаннем цягліц, сухажылляў і сасудзіста-нервовага пучка, шматлікія дробныя кропкавыя раненні скуры твару і сцёгнаў, траўматычны шок. Дзіця змясцілі ў рэанімацыю.

 

Устаноўлена, што хлопчык атрымаў траўму, ударыўшы аб бетонную сцяну разбуранага будынка, што знаходзіцца ў лесе, у некалькіх кіламетрах ад вёскі, выбухованебяспечны прадмет, як мяркуецца – буйнакаліберны патрон. Гэты патрон яму перадалі аднагодкі, якiя знайшлі яго ў лесе.

 

Следчыя, з выкарыстаннем магчымасцяў перасоўнай крыміналістычнай лабараторыі, у прыватнасці асвятляльнай мачты і розных відаў металашукальнікаў, увечары і ўначы агледзелі ўчастак лесу, дзе школьнікі знайшлі небяспечны прадмет. У выніку следчыя, эксперты і супрацоўнікі міліцыі выявілі яму, у якой знаходзіліся гільзы рознага калібра, а таксама адзін патрон калібра 7,62 мм са слядамі карозіі. Падчас агляду разбуранага будынка, аб сцяну якога пацярпелы хлопчык ударыў неўсталяваны выбухованебяспечны прадмет, боепрыпасаў не выяўлена.

 

Следчыя праводзяць дадатковы агляд месца здарэння з удзелам спецыялістаў, у тым ліку па размініраванні. Прызначаныя судова-медыцынская экспертыза ў дачыненні да пацярпелага, а таксама балістычная і шэраг іншых экспертыз для ўстанаўлення, што дакладна выбухнула ў руках дзіцяці. Праводзяцца апытанні знаёмых і сяброў пацярпелага, іншыя праверачныя дзеянні, па выніках якіх будзе прынята працэсуальнае рашэнне.