“Гэта проста беззаконне”. Мотабольны матч паміж камандамі з Гродна і Пінска судзілі пінскія рэферы

Разам з пінскім “Аўтамабілістам” у Гродна прыехалі і пінскія суддзі. Як высветлілася пазней, яны замянілі мінскіх калег, якія не змаглі прыехаць на матч. Такога ў прафесійным спорце не павінна быць: каманда і суддзі не павінны быць з аднаго горада. Нечаканымі пераменамі былі абураныя як каманда “Гродна”, так і гледачы, якія прыйшлі ў вялікай колькасці падтрымаць мясцовых хлопцаў.

 

Нягледзячы на тое, што ў камандзе суперніка знаходзяцца ў асноўным члены зборнай Беларусі, гарадзенцы не саступалі “Аўтамабілісту” і гулялі на працягу ўсяго матчу на роўных.

 

У першай палове матчу гледачы галоў не ўбачылі. Уся асноўная барацьба праходзіла ў другой частцы гульні, дзе ўзнікала мноства небяспечных і спрэчных момантаў.

 

 

Першаму ў матчы ўдалося вызначыцца “Аўтамабілісту”, але адказу ад “Гродна” доўга чакаць не прыйшлося. Праз некалькі хвілін пасля таго як гаспадары зраўнялі лiк, госці зноў выходзяць наперад і, здавалася б, матч завершыцца на іх карысць. Але пад канец гарадзенцам удалося зраўняць лік, праўда суддзя ўзяцце варот не залічыў. Здарылася гэта пасля таго, калі да галоўнага суддзі пад’ехаў гулец пінскай каманды.

 

Невядома пра што яны гаварылі, але пасля невялікай размовы гол адмянілі. Учынак суддзі абмяркоўвалі на трыбунах: “Калі б суддзя залічыў гол, яго б на зваротны шлях дадому не ўзялі”.

 

 

Такім чынам першая хатняя гульня каманды “Гродна” скончылася паразай.

 

4 тур “Гродна” – “Аўтамабіліст” 1:2


“Гэта проста беззаконне. Пытанне з суддзямі неаднаразова ўздымалася, але, на жаль, гэта не ад нас залежыць. Гол другі мы забілі чысты, але суддзі яго не залічылі. Крыўдна, што з намі так паступілі. А так па гульні мы глядзеліся годна і паразы не заслугоўвалі”, – сказаў пасля гульні галоўны трэнер каманды “Гродна” Яўген Кашкаха.

 

Пасля матчу з “Аўтамабілістам” гарадзенцы займаюць чацвёртае месца ў турнірнай табліцы. У гэтым годзе ў чэмпіянаце прымае ўдзел шэсць каманд. Задача гарадзенцаў – увайсці ў тройку прызёраў.