Што такое “161”. У Гродне эколагі-веганы-антыфашысты актыўна тэгуюць сцены ды прыбіраюць смецце

Знайсці актывістаў аказалася няпроста – спачатку ніхто не хацеў выходзіць на сувязь. Але доўгія пошукі далі плён і адзін з прадстаўнікоў руху пагадзіўся пагутарыць на ўмовах ананімнасці.

 

Іван (імя зменена) – сучасны спартыўны хлопец, які ўжо тры гады не есць мяса. Малады чалавек займаецца спортам і вядзе здаровы лад жыцця. На пытанне, чаму пагадзіўся пагутарыць з прэсай, адказвае, што хоча данесці людзям сэнс іх руху.


“Мы выступаем за самаразвіццё ва ўсіх сферах: здаровы лад жыцця, узаемадапамогу, абарону людзей, жывёл і прыроды. Мы ўсе роўныя i вымушаны з гэтым лічыцца. Для нас важна чысціць нашу планету ад смецця. Варта адзначыць, што мы прыходзім і прыбіраем за кімсьцi, а не за сабой. Таксама для нас важна навучыць людзей прыбіраць – калі насвiнячыў, дык вазьмі і прыбяры”, – кажа Іван.

 

Тое, што актывісты пакідаюць у горадзе надпісы і налепкі, хлопец лічыць патрэбнай і правільнай рэччу, бо толькі так нагадваючы, можна навучыць людзей сачыць за сабой.

 

 

Калі надпісы з заклікамі да ўборкі людзі яшчэ разумеюць, то вось сэнс лічбы “161” ясны далёка не ўсім. А яны зараз сустракаюцца па ўсім горадзе. Што гэта азначае і навошта такое пісаць, Іван казаць адмовіўся, спасылаючыся на тое, што гэта зусім іншая гісторыя.

 

 

У інтэрнэце па запыце “161” атрымалася даведацца, што гэта чарговасць літар лацінскага алфавіту. (1 – гэта А, 6 – гэта F). У выніку атрымліваецца абрэвіятура AFA (Antifa Action). Тое, што ў горадзе ёсць шмат надпісаў з лічбамі “161”, азначае барацьбу антыфашысцкага руху. Часта такія надпісы з’яўляюцца на зафарбаваных графіці.

 

Звычайныя грамадзяне, якія шпацыруюць, напрыклад, па лесе, не разумеюць надпісаў “161” і не ведаюць, навошта імі размалёўваюць увесь горад.

 

Сваё меркаванне адносна надпісаў выказала Юлія Каляда, прадстаўнічка эка-таварыства “Зялёная сетка” ў Гарадзеншчыне.


“Нельга сказаць, што я супраць размалёўвання сцен. Я люблю стрыт-арт і месцамі графіці. Сама планую неўзабаве змяніць белую пляму ў сваім раёне. Калі на сценах бачу слоганы, заклікі, асабліва, з якімі згодна, мяне гэта больш радуе, чым засмучае. Гэта сведчанне грамадзянскай актыўнасці, што для грамадства хутчэй добра, чым дрэнна”.


Але ў тэгаваннi Юлія не бачыць сэнсу. Па-першае, часта сэнс надпісу зразумелы толькі тым, хто іх малюе і, магчыма, яшчэ некалькім апанентам. Гэта значыць, на вядомасць і пазнавальнасць спадзявацца не варта. А калі няма пазнавальнасці, то значыць, што актывісты не данеслі сваю ідэю да мінакоў і рызыкавалі дарма.


“Па-другое, у горадзе тэгуюць не толькі сцены, але і іншыя канструкцыі, якія прыйдзецца мяняць. Гэта нясе выдаткі, якія арганізацыі маглі б патраціць на іншыя справы: развіццё або карпаратыўны адпачынак для супрацоўнікаў і іх дзяцей”, – адзначае Юлія.


“Па-трэцяе, “Самакантроль! Самаарганізацыя! Самаўдасканаленне!”, як напісана ў iх групе, гэта дакладна не тэгаванне горада ці веламаршрутаў. Вазьміце адказнасць за будучыню слабых слаёў грамадства. Станьце лепш за тых, хто вам не падабаецца. Зрабіце высілак, каб змяніць тое, што вас не задавальняе. Вось тады ваш тэг будуць пазнаваць і паважаць”.


 

Таксама нядаўна ў горадзе можна было заўважыць мноства надпісаў, звязаных з рухам “go vegan“. Як аказалася, гэта работа тых жа актывістаў. Іван распавёў, што такім спосабам яны выступаюць супраць пазбаўлення жыцця жывёл.


“Мы не вандалы, мы прапагандуем здаровы лад жыцця, а таксама выступаем за жыццё жывёл. Не людзі ім даюць жыццё, і яны не ў праве яго пазбаўляць. Нашы рабяты ўжо даўно адмовіліся ад мяса і цяпер адчуваюць сябе вельмі добра. Да прыкладу, я і сваю сабаку прывучыў не есці мяса, і яна добра сябе адчувае. Калі шчыра, то мы нікога не прымушаем прытрымлівацца нашых поглядаў, але для нас галоўнае, каб людзі зразумелі наш пасыл. Калі ўсе пачнуць паважаць адзін аднаго і не будуць гадзіць у сябе перад носам, наступіць мiр і ўсе будуць шчаслівыя”.

 

Іван распавядае, што за апошні час прытрымлівацца іх ідэй сталі многія гараджане. Са слоў хлопца, людзі сталі разумець праблемы, якія іх акружаюць. А зусім нядаўна актывісты правялі акцыю за свабоду цыркавых жывёл.