Гарадзенец з дапамогай квадракоптэра зняў ролік пра прыгажосць “беларускіх Мальдзіваў”

Уладзімір распавядае, што дрон у яго заўсёды з сабой, і калі з’явілася магчымасць зафіксаваць кар’еры, ён проста не змог устрымацца.


“Мелавыя кар’еры пад Ваўкавыскам за такі кароткі час сталі самай папулярнай “дзікай” славутасцю Беларусі. “Дзікай”, бо гэта тэхнічны аб’ект, а не турыстычны. Там дастаткова не кранутая прырода і вельмі незвычайная. Мы з маім партнёрам з’яўляемся кіраўнікамі кінакампаніі “Амбер Фільм”. Для нас родныя прыгажосці гэта поле для самарэалізацыі. Мы проста не мелі права не звярнуць увагу і паддаліся спакусе пабываць там, заадно і паглядзець на ўсё гэта зверху”.


 

Здымкі былі не самыя простыя, бо кар’еры маюць вельмі стромкія берагі і асабліва няма адкрытай прасторы для ўздыму дрона. Але як толькі знайшлося добрае месца, усе цяжкасці сцерліся з памяці хлопцаў, i перад імі адкрылася да вар’яцтва прыгожая карцінка.


“Прырода там сапраўды зачароўвае: крышталёвая вада, а ў некаторых момантах кар’ер глядзіцца горнай мясцовасцю. Нашы чаканні апраўдаліся – мы вельмі зацікаўлены выкарыстоўваць гэтую лакацыі ў бліжэйшых здымках. Праўда, ці зможам мы ўзгадніць іх з горадам – гэта ўжо зусім іншае пытанне”.