“Адступаць няма куды, за спіной – Смаргонь”. Інспекцыя аховы прыроды зноў судзіцца з “Кронаспанам”

|



Кронаспан ці САЗ  – чый фармальдэгід знайшлі ў Віліі?


Прычынай для штрафа стаў зліў забруджаных фармальдэгідам сцёкавых водаў з … ліўнёвай каналізацыі Смаргонскага Агрэгатнага завода. Калі гэта высветлілася, здзівіліся найперш на заводзе. Адкуль у іх ліўнёўцы мог узяцца фармальдэгід,  калі ў вытворчасці ён не выкарыстоўваецца і не ўтвараецца?

 

Каб знайсці адказ, прыйшлося прайсці ўздоўж усёй трубы ад рэчкі да завода. Тады і высветлілася, што да завадской “ліўнёўкі” далучана зліўная труба суседняга прадпрыемства “Кронаспан”.  А там фармальдэгідныя смолы выкарыстоўваюцца ў выпуску драўляна-стружкавых пліт і ламіната.

 

 

Каб даказаць парушэнне заканадаўства, на “Кронаспане” правялі пазачарговую праверку і ўзялі пробы з ліўнёвай каналізацыі прадпрыемства. Праверка паказала – на “Кронаспане” не працуюць ачыстныя збудаванні, а ў ліўнёўцы прадпрыемства таксама знайшлі фармальдэгід.

 

“Усё не па закону”


Прадстаўляў інтарэсы “Кронаспана” ў судзе юрыст Сяргей Русаковіч. З яго словаў, ніводзін з артыкулаў, інкрымінаваных ў віну прадпрыемству, не мае падставаў. Шкодныя выкіды тут не ўтвараюцца, а вада нікуды не зліваецца, бо выкарыстоўваецца ў замкнёным вытворчым цыкле.

 

Зліваць, з яго словаў, увогуле не маглі нічога, бо нават даждоў у тыя дні не было. А трубу, што злучала сцёкі “Кронаспана” з ліўнёвай каналізацыяй Агрэгатнага завода, самавольна змантавалі рабочыя падраднай арганізацыі, што рамантавалі  ачыстныя збудаванні. Кіраўніцтва прадпрыемства распаражэнняў на гэта не давала.

 

Нават фармулёўку абвінавачвання са словамі “забруджванне водных крыніц” юрыст лічыць немагчымай да прымянення, бо калі і быў нейкі зліў, то – у калектар Агрэгатнага завода, а гэта інжынернае збудаванне, а не водная крыніца. 

  

 

Далей па ходу судовага працэса Сяргей Русаковіч пералічваў і іншыя “парушэнні”, дапушчаныя, на яго думку, з боку інспекцыі аховы прыроды: і пробы адбіраліся без прысутнасці прадстаўнікоў “Кронаспана”, і фотаздымач у інспектара “не сертыфікаваны”, і здымкі могуць быць сфальшаванымі, ды і ўвогуле, не ясна дзе і калі яны зроблены і што даказваюць. Выказваў юрыст сумневы нават у сапраўднасці подпісаў прадстаўнікоў “Кронаспана” у прад’яўленым пратаколе. Маўляў, яны “не памятаюць” ці падпісвалі такі дакумент.

 

Суд па скарзе разглядае толькі доказы. Сведкаў слухалі раней


На пытанні тэхнічнага характару, што задавала судзя Людміла Пятрова, юрыст адказваў прапановай запрасіць эколага і спецыялістаў прадпрыемства для больш кампетэнтных адказаў. Аднак суддзя патлумачыла прадстаўніку “Кронаспана” – калі суд разглядае скаргі, то  сведкаў не выклікаюць. Гэта не разгляд справы “па сутнасці” – гэта ўжо зробена, а больш аналіз дакументаў і доказаў, што выстаўляліся ў абвінавачванне.

 

На заяўленні Русаковіча, што прыродаахоўнікі дзейнічалі з парушэннем закону, у прыватнасці, неправамерна адбіралі пробы, суддзя перапытала, які канкрэтна закон мае ён на ўвазе. Тады прадстаўнік “Кронаспана” папрасіў прыпыніць суд, каб знайсці дакументальныя пацверджанні сваім словам.

 

“За мною – Смаргонь”


Спецыяліст інспекцыі прыродных рэсурсаў Павел Яшчанка мае намер адстойваць рашэнне інспекцыі.

 

Даказваць, што прадпрыемства парушае заканадаўства па ахове прыроды і праўда складана, прызнае ён. Таму, хаця інспекцыя і раней мела падазрэнні, што “Кронаспан” злівае забруджаныя сцёкі ў раку, пераканаўчых даказаў не хапала. А збіраць доказы цяжка, бо прадпрыемства да гэтага часу не ўсталявала ўласныя лічыльнікі для сцёкавых вод і не праводзіць аналіз іх складнікаў. А інспекцыі, пры патрэбе спраўдзіць склад сцёкаў, патрабуюцца ўзгадненні на кожны аналіз.

 

 

Аднак гэтым разам, мяркуе Павал Яшчанка, доказаў дастаткова і працэдура іх збору вытрымана згодна з законам. У падцверджанне сваіх словаў ён спасылаўся на матэрыялы справы.

 

Там знайшліся і подпісы прадстаўнікоў “Кронаспана” ў пратаколах, і іх уласнай рукой напісаныя словы аб азнаямленні з дакументамі, і падцверджанні, што Смаргонская лабараторыя аналітычнага кантролю мае патрэбную атэстацыю для правядзення аналізаў.

 

Са словаў Паўла Яшчанкі, у віну прадпрыемства ставілі толькі тое, што змаглі даказаць. Напрыклад, “нанясенне шкоды прыродзе” каштавала прадпрыемству толькі 680 тысяч рублёў, бо дакументальна падцвержаны выкіды шкодных рэчываў у раку толькі за адны суткі – ад 28 да 29 сакавіка.

 

 

Ужо пасля паседжання, у прыватнай размове, Павал Яшчанка паўтарае, што ўпэўнены ў правільнасці рэшэнняў інспекцыі і гатовы іх адстойваць. “Мне адступаць няма куды, за спіною Смаргонь”, – кажа ён.

 

Справа працягваецца


З улікам новых пытанняў, што узнікалі з абодвух бакоў, суддзя аб’явіла перапытак у разглядзе справы. Да наступнага паседжання, якое прызначана на 9 чэрвеня, бакі мусяць падрыхтаваць дакументальныя абаснаванні сваіх меркаванняў.