“Вёска прайграла цывілізацыі і спажыванню”. Гарадзенцы пабачаць прэм’еру “Клеменса” раней за рэжысёра

|

 

Са словаў рэжысёра, ён адразу згадзіўся на прапанову Генадзя Мушперта паставіць “Клеменса” ў Гродне. Гэты твор быў яму знаёмы з 80-х, калі яго ставілі ў Віцебску.

 

Найбольш складаным момантам стала размеркаванне роляў, бо раней Міхаілу не даводзілася працаваць з гарадзенскай трупай. “Я прыглядаўся, размаўляў… Але ўрэшце ўсё склалася, усе аказаліся на сваіх месцах”.

 

 

Што да прызначэння на галоўную ролю непрафесійнага актора Сашы Матвейчыка, то, не зважаючы на пэўныя рызыкі, Міхаіл Лашыцкі знаходзіць у гэтым перавагі: “Мне падалося цікавым, што ён не актор. Бо яго герой Запазыка таксама не вясковы, быццам не ад гэтага свету… На мой погляд – гэта плюс, што ён не адмысловец”.

 

 

Аднак галоўную ідэю п’есы, паводле рэжысёра, выражае не кожны асобны герой, а калектыўны вобраз вёскі. ”Па сутнасці, вёска прайграла. Не зараз. Не палітыкам. Яна прайграла цывілізацыі. Той вёскі з яе ўкладам, архаічнасцю, супольнасцю больш няма. Яна знікла… Крыўдна, балюча, але гэта так. А што ёсць цывілізацыя? Гэта свет, дзе перамаглі спажыўцы. Вёска ніколі не жыла па-спажывецку. Сэнс быў сеяць хлеб, пракарміцца, але не спажываць у неабмежаваных колькасцях. Нас падсадзілі на шпажывецкую іголку… Але надзея ёсць. У асноўным – ва ўнутраным свеце мастака, паэта. Я зараз не пра сябе, а пра п’есу. Яны адчуваюць гэты боль. Да такіх людзей трэба прыслухоўвацца. Яны як аголеныя правады. Яны увесь час звіняць, як набат, папярэджваюць”.

 

 

“Тым не менш, фінал п’есы выглядае хутчэй адкрытым, я не даю адказаў, – кажа Міхаіл Лашыцкі. – Я задаю пытанні. Кожны чалавек мусіць знайсці свой адказ, унутры сябе”.

 

 

Афармленне спектакля выканала мастак-пастаноўшчык Надзея Бялова. З яе словаў, вызначальным вобразам у стварэнні сцэнаграфіі спектакля стаў самаробны вясковы дыванок: “Бабулін, плецены з каляровых касьнікоў. Ён хаця і прымітыўны, але па стылістыцы падыйшоў, каб узяць яго за аснову. Ён у выглядзе стылізаванага сонечнага дыска перамясціўся на заднік сцэны. Задумка распрацоўвалася таксама, як пляцецца такі дыванок. Па спіралі, паступова. Усё круцілася ад малога да большага… Сама дэкарацыя вельмі яркая. І блікі сонца, і перапляценні ў нас паўсюль – і на станках, і на кулісах”.

 


Музыку адмыслова да спектакля напісалі музыкі з гурта ”ілі-ілі” Міхаіл Зуй і Зміцер Есяневіч. Яны самі акторы Купалаўскага тэатра і таму, мяркуе Міхаіл Лашыцкі, разумеюць, як трэба “існаваць у тэатры”. “Музычнае афармленне склалася. Мне б дацягнуць да таго ўзроўні музыкі, што напісалі хлопцы. Спрацавалі па-сапраўднаму, таленавіта”, – кажа рэжысёр.

 

 

Варта адзначыць, што ў знак падзякі музыкам тэатр арганізуе канцэрт гурта ў Гродне. Ён адбудзецца 23 чэрвеня ў Малой залі тэатра.

 

Што да прэм’ерных паказаў “Клеменс”, то яны пройдуць у Гродне 10, 11 і 29 чэрвеня.