“Нулявы кіламетр” вярнуўся і распавёў пра Фелікса Варашыльскага

Здымкі выпуска пачаліся яшчэ ў чэрвені 2015 года, але з-за тэхнічных і фінансавых праблем відэа атрымалася выпусціць толькі праз год.


“Здымаем мы рэгулярна, вось толькі аформіць у праграму атрымліваецца не заўсёды. У стале ляжаць нарыхтоўкі яшчэ для 10-15 праграм, але ў сілу розных прычын – час, фінансы, здароўе і іншае – праблематычна рабіць частыя выпускі, як гэта было раней”, – распавядае Наталля Шматко.

 

Фелікс Варашыльскi прыязджае ў Гродна практычна штогод. У адзін з такіх візітаў гісторык Андрэй Вашкевіч дапамог Наталлі арганізаваць інтэрв’ю калекцыянера для праграмы “Нулявы кіламетр”.


“Нам было цяжка выбраць месца для запісу. Гутарка доўжылася больш за гадзіну, хоць у выніковай версіі гледачы бачаць прыкладна 20 хвілін. Трэба было ціхае і ў той жа час вядомае месца. Барыс Яфімавіч, дырэктар “Музея на Траецкай”, даў магчымасць запісаць сустрэчу ў сінагозе. З Феліксам я хацела даўно сустрэцца і ў выніку атрымала не толькі новыя веды, але і задавальненне ад зносін з мудрым чалавекам”.