Хочаш хлеба – спячы сам: хатнія боханы са смакам жыццёвых дробязяў

|

 

Выпечка хлеба – справа не хуткая. Без гаспадыні хлеб не спячэцца, але і стаяць над душою цеста ўвесь час таксама няма сэнсу. Ды і ў хаце заўжды ёсць чым заняцца, пакуль цеста даспявае. Так прыгатаванне хлеба ўплятаеца ў плынь штодзённага гарадскога жыцця, задае яму рытм, фарбуе  пахамі і смакамі.

 

“Цеста трэба ставіць на ноч”, – расказвае Наташа, здымаючы ручнік з вялікага рондаля, дзе начаваў будучы хлеб. “Спачатку раблю апару – гэта вада з цукрам, дражджамі і невялікай колькасцю мукі, але без солі”. Прыкладна праз гадзіну яна пачынае “працаваць” – значыць, настаў час дадаць муку, соль і алей. Усё гэта трэба вымешаць і пакінуць у змазаным алеем рондалі ў цёплым месцы. Астатак вечара можна прысвячаць іншымі справамі – працяг будзе толькі назаўтра.

 

 

Што патрэбна на гэтым этапе


Для апары:

25 г дражджэй

2 сталовыя лыжкі цукру

900 г цёплай вады

100-150 г мукі (прыкладна 10% ад патрэбнага на цэлую порцыю)

 

Для цеста:

Дадаць да апары 2 сталовыя лыжкі алею, 2 сталовыя лыжкі солі і каля 90% астатняй мукі (усяго па рэцэпту патрабуецца – 1,4 кг мукі)

 

 

Рэцэпт хлеба, каторым Наташа карыстаецца ўжо 15 гадоў, прыйшоў калісці з часопіса Burda – сяброўка знайшла і прапанавала спячы разам. Пазней спрабавала іншыя рэцэпты, але бездражджавы хлеб, на яе густ, менш смачны, а тыя гатункі, дзе шмат дадаткаў – сухафруктаў, арэхаў  ці яшчэ чаго – ужо маюць хутчэй смак гэтых дадаткаў, чым хлеба. Так і атрымалася, што пакаштаваўшы шмат гатункаў, абрала для сябе гэты.

 

Як нараджаецца “Спадар”. “Гроднахлебпрам” раскрывае сакрэты самага папулярнага ў горадзе хлеба

 

З сакрэцікаў, якімі аброс рэцэпт за доўгі час карыстання, Наташа ўзгадвае пошукі ў выбары мукі. Часопіс раіў браць пшанічную вышэйшага гатунку. Хлеб, натуральна, атрымліваўся белым. “Таксама смачна, але хацелася зрабіць штосці цікавейшае”, – распавядае яна. Зараз у Наташыным  рэцэпце 1 кг жытняй мукі і 0,4 пшанічнай. Найбольш падабаецца выкарыстоўваць пшанічную муку першага гатунку. “У крамах яе трэба шукаць на самых ніжніх паліцах, – дзеліцца досведам Наташа, – але калі не ўдаецца знайсці такую, то бяру звычайную, вышэйшага гатунку”.

 

Дрожджы яна выкарыстоўвае “жывыя” – на порцыю ідзе чвэрць стограмовага пачка. “Астатнія тры кавалачкі захоўваю ў маразілцы да наступнага разу. Па размарозцы яны ажываюць і нармальна працуюць”.

 

З матуліных парадаў, памятных з дзяцінства, узгадвае што “мяшаць цеста трэба увесь час у адзін бок – па сонцу, ды форткі не адкрываць, каб цеста не апала”, але адразу ж  пераводзіць позірк на адчыненыя з-за гарачыні вокны і ўсміхаецца: “Калі лёс цесту падняцца, то і гэта не зашкодзіць”. Практыка, з яе словаў, на многія рэчы дазваляе зірнуць прасцей – “зараз нават муку не прасейваю асобна – проста павольна сыплю колькі трэба, атрымліваецца не горш”.

 

 

Увогуле, сваю тэхналогію прыгатавання хлеба Наташа ставіць дзесці паміж “забабоністымі” метадамі прыхільнікаў чыстых традыцый, заквасак і вельмі здаровага харчавання ды спрошчаным да нельга гатаваннем у хлебапечцы, дзе “кінуў, і яна сама ўсё зрабіла”.

 

“Простыя словы, простыя рэчы”. Хлеб у печы без інтэрнэта не спячэш

 

Цеста пастаяла ноч і паднялося. Гэтым разам Наташа плануе дадаць да яго вотрубі і прарошчанае зерне. “Часам дадаю і разынкі, тады солі трэба менш”, – каментуе гаспадыня, папутна высыпаючы муку на стол (тыя самыя 10%, што яшчэ засталіся невыкарыстанымі). Сюды выкладаецца цеста і дадаткі, каб вымесіць усё разам. 

 

 

У канцы цеста дзеліцца на тры часткі – порцыя разлічана на тры боханы – і кожная з іх выкладаецца ў асобную змазаную алеем форму. 

 

 

“Можна пячы ўсе адразу, – распавядае Наташа, – але я звычайна выпякаю па адным бохане праз дзень, каб увесь час мець свежы хлеб”. Свайго часу нарыхтаваныя порцыі цеста чакаюць у халадзільніку.

 

 

Перад выпечкай цесту ў формах трэба “расстаяцца” ў цёплым месцы. Наташа прызвычаілася карыстацца электрадухоўкай – яна добра трымае ўсталяваную тэмпературу і не пераграецца. За гадзіну пры 50 градусах цеста павінна заўважна падняцца.

 

 

Пакуль цеста чакае выпечкі, гаспадыня ізноў можа заняцца чымсці, апроч хлеба.

 

– Мам, спытай табліцу множання! – гукае сынок Францішак.

– Пяць у сем?

– Дзякуй, трыдцать пяць!

 

Адначасова падхоплівае на рукі котку, што завяршае небяспечны шпацыр па краі падваконня.

 

6 align=”” width=”725″ height=”483″ >

 

Небяспечны, натуральна, не для коткі, а для вазонаў – калекцыі сукулентаў – Наташынага гонару і даўняга хобі.

 

 
 


Коткі і кветкі – акурат добрая тэма для няспешнай размовы, з якой дазнаюся безліч цікавостак – ад таго, што котка Кася – “мяккалапая” і ніколі не драпае, калі з ёй гуляеш, а Руся наадварот ганаровая, да таго, як амаложваць расліны, каб і праз многа гадоў яны выглядалі прыгожа.

 

 

За гарбаткаю, на каторую таксама зараз маем час, гаспадыня хваліцца “каштоўнымі” самародкамі – крышталямі, што разам з сынам вырасцілі на нітцы з моцнага раствора солі: “Толькі зірні, якія яны прыгожыя – пераліваюцца, як дыяманты! ”

 

 

– Мама, спытай табліцу! – ізноў просіць Францішак. Гэтым разам я ўжо цікаўлюся такой матэматычнай прыхільнасцю малога. Аказваецца, на камп’ютары усталяваны адмысловы пароль. Прыклад з табліцы множання патрэбен, каб увайсці ў праграму з гульнёй.

 

 

Цеста між тым паднялося і Наташа змяняе праграму духоўкі. Пячыся хлеб будзе пры тэмпературы 200 градусаў. Паводле рэцэпта – 45 хвілін. “Можа быць і трохі даўжэй, – папярэджвае Наташа і прызнаецца. – Высмажваю, бо люблю скарынкі”.

 

Дапіваць гарбатку робіцца яшчэ весялей – да котак, крышталяў, вазонаў, Францішкавай табліцы і музыкі Рахманінава дадаецца спачатку ледзь чутны, а потым усё больш выразны водар свежага хлеба.

 

 

Калі прышоў час даставаць боханы, то нават коткі падцягнуліся бліжэй. Яны, напэўна, не ядуць хлеб, але пакінуць такую падзею без належнага кантролю не могуць сабе дазволіць.

 

Пад гарачы хлеб гаспадыня рыхтуе льняны ручнік. Ён адмыслова “хлебны”, заўжды дастаецца з такой нагоды –  не толькі дзеля госця. Зараз асобы клопат Наташы – захаваць хрумсткімі любімыя скарынкі. Каб яны не адсырэлі, кладзе боханы пры адкрытым акне, каб паветра авяваля з усіх бакоў, нават знізу.

 

 

Нарэшце прыходзіць час адведаць хлеба: коткі цікуюць, як нож шаргаціць па скарынцы, парэзаныя лусты вадаруюць, кавалачкі масла топяцца на яшчэ цёплым мякішы…

 

 

***

 

“Гэты бохан ты вазьмі, а палову другога суседцы аддам. Інакш не ўтрымаюся, сама за вечар увесь з’ем”, – смяецца Наташа, пакуючы на развітанне гасцінцы.

 

***


– Мама, спытай табліцу множання!

 

 

– Руся! Кася! Што такое?!

 

7 align=”” width=”725″ height=”457″ >

 

– Табе з маслам, ці так?

 

 

– То смачна есці!