У Гродне прайшоў этап Чэмпіянату Беларусі па скейтбордынгу

|

Для гарадзенскіх спартсменаў правядзенне чэмпіянату ў сваім горадзе – вялікі крок наперад. Хлопцы, якія шмат гадоў каталіся ля драмтэатра ці ля Старога моста, змаглі прадэманстраваць сваё майстэрства перад прафесійнымi суддзямі.

 

Прысутных чакала яркае відовішча – скейтбордынг у дысцыпліне “Мiнiрампа”.

 


“Упершыню этап чэмпіянату Беларусі прайшоў не ў Мінску, а ў Гродне. Чаму менавіта Гродна? Напэўна, ужо ўся Беларусь ведае гісторыю шматпакутнага горада без скейтпарка. Апошнім часам праблема паціху стала вырашацца, усё дзякуючы OldCity, і для нас было важна правесці спаборніцтвы ў Гродне, даць развіццё новай пляцоўцы. Хлопцаў, якiя ў Гродне катаюцца на скейтах, вельмі шмат, іх узровень добры – ёсць і тыя, якія ўваходзяць у дзясятку лепшых беларускіх спартсменаў”, – распавёў старшыня Беларускай федэрацыі скейтбордынгу Глеб Бенцыоўскi.


 

У Гродне на спаборніцтвы прыехалі скейтары з Мінска, Віцебска і Брэста. Перамога ў этапе гарантавала ўдзельнікам магчымасць прадставіць Беларусь на этапе Кубка свету па скейтбордынгу World Cup Skateboarding, які пройдзе ў Маскве.