У Гродне ўключылі гарачую ваду раней за тэрмін. Каму гарадзенцам дзякаваць?

|

Планавае адключэнне гарачага водазабеспячэння ў Гродне практыкуецца штогод. Летам у раёнах горада гарачая вада знікае на тэрмін ад некалькіх дзён да месяца. Асноўная прычына – прафілактычныя працы, якія выконваюць работнікі цеплавых сетак.

Сёлета ў горадзе пачалi адключаць воду з 12 мая. Працу падзялілі на некалькі фаз і супрацоўнікі цепласетак працавалі на асобных раёнах па два тыдні. На занёманскай частцы ўдалося ліквідаваць праблемы на некалькі дзён раней.


“Уключылі раней, бо добра спрацавала каманда. Удала выканалі некалькі аб’ёмаў работ, ды і планаваных пашкоджанняў было менш. Варта адзначыць і зладжаную працу супрацоўнікаў цеплавых сетак. Тэрмін уключэння вады быў прызначаны на 21 чэрвеня, але змаглі зрабіць усё на некалькі дзён раней [гарачая вада з’явілася ўжо ўвечары 18-га]. Ніхто спецыяльна не зацягвае ўключэнне гарачай вады, наадварот, усе хочуць хутчэй выканаць пастаўленыя задачы“, – сказаў прадстаўнік прэс-службы Гроднаэнерга Барыс Ясенкоў.

 

Без своечасовай летняй прафілактыкі ў зімовы час могуць здарацца прарывы цеплатрас з-за росту нагрузкі на сістэмы камунікацый.

 

Каб папярэдзіць магчымыя аварыі, штогод праводзяцца выпрабаванні цепласетак, а таксама падрыхтоўка кацельняў, сістэм цеплазабеспячэння і цеплавых сетак да новага ацяпляльнага сезона. З-за ўмоў надвор’я работы арганізуюцца летам, калі сярэднесутачная тэмпература паветра дазваляе гараджанам жыць больш-менш камфортна без гарачай вады.

 

Чарговае адключэнне гарачага водазабеспячэння чакаецца ў горадзе 7-га лiпеня: раёне ад міні-ТЭЦ “Паўночная” да ур. Пышкі, на частцы цэнтра горада, у Паўночнай прамзоне, мікрараёне Фарты, “Пярэселка” і вул. Пушкіна.