Вялікі фотарэпартаж: У Гродне прайшоў V Фестываль вулічнага мастацтва

V Біг-Міні-фестываль прысвечаны памяці вядомага земляка, класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча, якому сёлета магло б споўніцца 125 гадоў.

 

Удзельнікі фестывалю прайшлі ад пл. Савецкай да парку Жылібера ўрачыстай калонай, прыцягваючы ўвагу мінакоў. На летняй сцэне парку арганізатары павіталі вулічных акцёраў, пасля чаго ўсе разышліся па загадзя пазначаных кропках, дзе і пачалося ўсё дзеянне.

 

Гледачы змаглі не толькі паглядзець на гульню акцёраў, але і стаць удзельнікамі некаторых пастановак. Так, насупраць ЗАГСа разгарнулася цэлая здымачная пляцоўка, дзе акцёры, набраныя з ліку гледачоў, зняліся ў вострасюжэтнай карціне, у фінале якой ішло змаганне за сэрца дамы, але, як мы ведаем, у любым добрым фільме перамагае каханне.

 

Асабліва пачуццёвым стала выступленне тэатральнай майстэрні «Сляды» з монаспектаклем «Флейта хрыбетніка» і «Самая прыгожая жанчына ў горадзе». Як прызналася адна з глядачак: «Я ледзь не расплакалася, вельмі кранальна!».

 

На працягу ўсёй вуліцы Савецкай гледачоў чакалі жывыя статуі, акцёры на хадулях і музычныя калектывы розных жанраў.

 

Насупраць Моладзевага цэнтра разгарнулася танцавальная пляцоўка, на якой выступілі калектывы з рознымі танцавальнымі кірункамі: брэйкданс, хіп-​​хоп, тверк і г.д. Асабліва запамінальнымі сталі выступленні маленькіх чырлідарак, якія сінхронна выконвалі складаныя танцавальныя элементы і смела выконвалі складаныя падтрымкі.

 

У завяршэнні суботняга дня, жыхары горада і яго госці змаглі паглядзець выступленні калектываў вогненнага шоў, якія расцягнулася да позняй ночы. Фестываль працягнуўся і ў нядзелю, але ўжо ў фармаце рознага роду майстар-класаў: сцэнічнае фехтаванне, жангліраванне, хада на хадулях, фаер шоў, акцёрскае майстэрства вулічнага артыста, танцавальныя напрамкі «афрапластыка» і «трайблфьюжан».