Гамер паводле Коэнаў

|

Уліс Эвэрэт МакДжыл – цёзкам старажытнага героя ён стаў не выпадкова – уцякае з катаргі разам з двума недалёкімі сябрамі. Перажываючы незвычайныя прыгоды, трапляючы штораз ва ўсё большую небяспеку, сябры – гэтакія амерыканскія «Джэнтэльмены ўдачы» – падыходзяць усё бліжэй да схаванага скарбу. Для кагосьці ён – мільён даляпаў, а для кагосьці – магчымасць яшчэ раз убачыць сям’ю.

 

У гэтай стужцы Коэны паспрабавалі пераасэнсаваць класічную «Адысею» Гамера, скарыстаўшыся формай папулярнага амерыканскага жанру – road movie (фільм дарогі). Выбар і сапраўды слушны, калі ўлічыць выбраны час дзення – 30-я гады мінулага стагоддзя. Свет тады яшчэ не быў такі малы, як сёння, з Варшавы да Лондану нельга было даляцець за 60 еўра, ды што я кажу, пра еўра ж яшчэ нікому і не снілася!

 

Героі ў сваім падарожжы сустракаюць як гамераўскіх сірэн, цыклопа, гэтак і персанажаў амерыканскага фальклору, а нават гістарычных асобаў. Сярод апошніх – Томі Джонсан, блюзавы гітарыст, які, паводле чутак, прадаў душу д’яблу, каб граць лепш за ўсіх. Варта ўзгадаць і налётчыка Джорджа Нэльсана, роля якога тут хутчэй камічна-эпізадычная.

 

Па слядах Уліса і кампаніі няспынна ідзе бязлітасны шэрыф, а тыя, каб зарабіць грошай ствараюць гурт «Мокры Зад» і заваёўваюць папулярнасць ва ўсіх Штатах. У такіх умовах, падарожжа трох уцекачоў – чым не бясконцае ўлісаўскае блуканне ў пошуках радзімы?

 

Моцныя бакі фільму гэта, перадусім, вельмі прыгожая карцінка на экране, дзякуючы адмысловай перадачы колераў і пастаянныя змены сітуацый, якія не даюць сумаваць. Да дынамікі фільму пасуе і вясёленькая музыка з эпохі. Станоўча адзначыць варта таксама неблага рэканструаваны адрэзак гісторыі Амерыкі: пачаткі радыё, блюзу і палітычнага маркетынгу.

 

Фільмы Коэнаў адметныя спецыфічным пачуццём гумару, цынізмам, спосабам апавядання, падвешанасцю іх гісторый па-за нейкім шырокім кантэкстам. Калі вам падабаўся іх колішні хіт «Вялікі Лебоўскі» ці апошні «Пасля чытання спаліць» – не адкладвайце прагляд усяго астатняга. І «Дзе ж ты, браце?» у тым ліку.

 

Фільм: Дзе ж ты, браце? / O brother, where art thou? / 2000, Вялікабрытанія-Францыя-ЗША, 106 хв.

Сцэнарый і рэжысура: Джоэль Коэн і Этан Коэн

Жанр: road movie

Асабістая ацэнка: 7/10