Кітайцы плануюць за паўтара года ператварыць гасцініцу “Гродна” ў сучасны гатэль

Як паведаміў старшыня Гродзенскага гарвыканкама Мечыслаў Гой, такое даручэнне даў падчас наведвання Гродна сакратар камітэта КПК правінцыі Ганьсу Ван Саньюнь.

 

– Рэалізацыя праекта была разлічана на тры гады, з іх два адводзіліся на праектаванне і год на будаўнічыя працы, – распавёў Мечыслаў Гой. – Але сённяшняе даручэнне сакратара камітэта КПК скарачае гэтыя тэрміны ўдвая. Выкананне даручэння будзе адсочвацца кітайскім бокам. Мы акажам усялякую дапамогу і падтрымку.

 

Інвестыцыйны дагавор на рэканструкцыю гасцінічна-рэстараннага комплексу “Гродна” быў заключаны ў красавіку 2016 года паміж аблвыканкамам і ТАА “Гандлёва-прамысловая карпарацыя “Цюань Шэн”. Інтарэсы інвестара на тэрыторыі Беларусі прадстаўляе ААТ “Беларуска-Кітайскі цэнтр гандлёвага супрацоўніцтва”. Аб’ём замежных інвестыцый у рамках праекта складае тры мільёны долараў ЗША.

 

 

Дэлегацыя кітайскай правінцыі Ганьсу пазнаёмілася з архітэктурным праектам гасцініцы “Гродна”, на якім прадстаўлены выгляд як будынка, так і асобных нумароў, холаў. Ужо сёння можна сказаць, што гасцініца стане яшчэ адной візітнай карткай горада, а па ўзроўні камфорту будзе прывабнай для турыстаў. Прычым гэта самы вялікі гатэль у Гродна, які займае 16-павярховы будынак на вуліцы Паповіча.