Падчас пагоні на праспекце Янкі Купалы сутыкнуліся два аўтамабілі ДАІ

|

У ДАІ паведамілі, што пераследаванне вялося з двух кірункаў. У выніку манеўраў сутыкнуліся два службовыя аўтамабілі. Яны гналіся за серабрыстым седанам Mercedes Е211 2002-2009 гг. выпуску. Як мяркуецца, нумарныя знакі на ім устаноўлены ад іншага аўтамабіля – з 7-м рэгіёнам.


“Усё адбылося хутка. Я стаяў на скрыжаванні з боку “Еўраопта” i паварочваў налева. Opel ДАI рухаўся ў бок універсама “Брэст”, ён чамусьці прытармазіў на скрыжаванні, тым часам  з боку “Брэста” ехаў яшчэ нарад. Як мне падалося, Opel хацеў развярнуцца, але ў той самы момант у машыну ўляцела Lada [якая ехала адразу за ім]. Здаецца, кiроўца не паспеў зрэагаваць на манеўр Opel”, – распавёў “Твайму стылю” сведка аварыі Дзяніс.

 

Відэа аварыі – глядзець прыкладна з 20-й секунды

 

Ад удару кіроўцу і пасажыра Lada падкінула ў салоне адзін на аднаго. У Opel пасля сутыкнення прыйшлося з дапамогай сілы адчыняць дзверы. Там пацярпеў адзін супрацоўнік.

 

“Калі яму адчынілі дзверы, то ён трымаўся за калена – удар быў моцны і вельмі гучны. На шчасце, усе засталіся жывыя”, – дадаў Дзяніс.

 

ДАІ просіць грамадзян, што валодаюць якой-небудзь інфармацыяй аб кірунку руху Меrcedes (рухаўся на вялікай хуткасці) звярнуцца ў дзяжурную частку ДАІ па тэлефоне +375 29 7863529.