“Что-то не так!” Как в Werden изобрели “бейгл по-гродненски”

|

Безумоўна, ёсць за што выказаць рэстаратарам падзяку. З іншага боку, часам іх пафас здаецца не зусім дарэчным. Напрыклад, усе стравы, “Што спадабаліся заснавальнікам пад час іх шматлікіх падарожжаў” і склалі меню гастробара Werden, цалкам можна паспрабаваць, не пакідаючы Неўскага праспекта, прычым  – у некалькіх варыяцыях. 

 

Новы гарадзенскі гастрабар “Вердэн”: паснедаць, папрацаваць, затусіць увечары

 

У меню не хапае хумуса і сідра, а так бы атрымаўся тыднёвы рацыён сталічнага хіпстэра ў першы тыдзень пасля залічэння грошай на картку. І, увогуле, гэта нават нядрэнна. Усё было добра, калі я пераступіла парог установы, калі прынялася вывучаць меню, калі рабіла заказ – і нават чакаць яго прыйшлося не вельмі доўга. Словам, я ледзь не прапусціла момант, калі нешта пайшло не так.

 

Калі афіцыянт паставіў перада мной талерку з “бэйглам”, я нават не адразу зразумела, што адбылося. Я чакала бублік, разрэзаны ўздоўж, як гамбургер, з сытным начыннем – традыцыйны ласунак (!) польскі габрэяў, страву, што пасля палюбілася жыхарам Манхэтэна і захапіла не толькі Амерыку, але і Еўропу. Аднак на талерцы ляжаў сэндвіч з падсохлага купленага міні-багета, па форме падобны хутчэй да хот-дога. Тым не менш, начынне трапляла пад апісанне з меню: сёмга, рукала, сметанковы сыр – які на праверку аказаўся простым маслам.

 

 

На наша пытанне аб тым, чаму замест адмысловага бубліка мы атрымалі багет (справа не столькі ў форме – у бэйгла іншы склад цеста), афіцыянт ветліва патлумачыў, што бэйгл з абаранка – гэта ізраільская страва, а перад намі (увага!) еўрапейскі варыянт.

 

У той момант я нават занепакоілася з нагоды сур’ёзнага прабелу ў маёй кулінарнай адукацыі: ні аб якім “еўрапейскім бэйгле” я ў жыцці не чула. Але, што паказальна і спробы “нагугліць” еўрапейскі бэйгл не прынеслі вынікаў. Аказалася, у Еўропе ўсё задавольваюцца “ізральскім” варыянтам. Па ўсім выходзіць, што еўрапейскі бэйгл гэта гродзенскае ноў-хаў.

 

 

Нарэшце, на пытанне аб тым, як у маім “еўрапейскім” бэйгле замест сметанковага сыру аказалася масла, праз афіцыянта кухар растлумачыў, што гэта ніякае не масла, а сыр маскарпонэ. Тлустасць маскарпонэ амаль роўная тлустасці масла, а ў выкананні беларускіх вытворцаў гэты сыр і праўда па смаку нагадвае маргарын. Менавіта таму ў сваіх пошуках праўды я яшчэ хвілін пяць саскрабала лыжкай масла/маскарпонэ, каб рассмакаваць яго і лепей разгледзець колер. І б’юся аб заклад: гэта было масла.

 

Не зразумейце мяне няправільна: я не выключаю, што на кухні Werden працуе майстэрскі напаўбог, які лёгкім рухам рукі ператварае ваду ў крафтавое піва, а масла – у маскарпонэ. Проста, мабыць, гэтым разам нешта пайшло не так.

 

 

Даведка “Твайго стылю”



Бэйгл гатуецца з дражджавога цеста на рошчыне. Перад выпечкай уручную сфармаваныя бублікі адварваюцца паўхвіліны ў кіпені, пасыпаюцца кунжутам або макам, а пасля выпякаюцца ў духоўцы. Рэцэпт бэйгла з фотаздымкамі працэса прыгатавання можна паглядзець, напрыклад, тут.