“Прыемна быць часткай гэтага свята”. Навошта гарадзенцы ідуць валанцёрамі на марафон “Суседзi”

|

У гэтым годзе веласіпедны марафон “Суседзі” пройдзе 16 ліпеня. Месца старту і фінішу не змянілася – гэта шлюз Дамброўка на Аўгустоўскім канале.

 

Галоўная задача валанцёраў – сачыць за парадкам на трасе і за ўдзельнікамі, каб у іх былі зашпіленыя шлемы і каб яны ехалі без парушэнняў. Пры патрэбе – паказваць кірунак, а таксама падказваць у колькі пачынаюцца старты ў той ці іншай катэгорыі.


“Пяць гадоў у нас было добрае надвор’е і спадзяемся, што ў гэтым годзе яно будзе таксама добрым. Калі хтосьці з валанцёраў не гатовы працаваць у дождж, дык хай лепш скажа адразу. Марафон адбудзецца пры любым надвор’і і мы павінны быць гатовыя да ўсяго”, – адзначыў на сустрэчы з валанцёрамі, што адбылася 7 ліпеня, дырэктар марафону Аляксандр Фядотаў.

 

 

На першай арганізацыйнай сустрэчы з валанцёрамі правялі таксама інструктаж па першай дапамозе. “Важна, каб валанцёры маглі аказаць пры патрэбе першую дапамогу пацярпелым. Чым хутчэй яна аказана, тым больш надзеі на спрыяльны зыход”, – патлумачыў Валерый Краеўскі, інструктар з Чырвонага крыжа.

 



Чаму гарадзенцы iдуць у валанцёры?

 

Адзін з арганізатараў велакухнi ў Гродне Аляксандр валанцёрыць ужо чатыры гады і яму прыемна выдаткаваць свой час, каб людзі атрымалі задавальненне ад марафону.


“Я, напэўна, як і многія валанцёры, пачаткова быў удзельнікам марафону, а потым пазнаёміўся з арганізатарамі і прапанаваў сваю кандыдатуру ў ролі валанцёра, калі не будзе хапаць людзей. І ўжо чатыры апошнія гады я займаюся разметкай. Марафон “Суседзi” для многіх аматараў ровараў – як сямейнае свята. Мне прыемна быць часткай гэтага свята. Гэта добра – прысвяціць свой час на патрэбную справу”.


Алеся ў валанцёрах ужо трэці год запар. Яна кажа, што “ёй гэта ў кайф”.


“На “Суседзі” чатыры гады таму мяне за руку прывяла сяброўка, сапраўдная веладуша і актывістка. Мне гэта проста ў кайф, падабаецца адчуваць сябе датычнай да арганізацыі вялізнага мерапрыемства, дапамагаць іншым, рабіць рэчы не для сябе, а для ўсіх. Тым больш, гэта мерапрыемства за здаровы лад жыцця. І калі я магу дапамагчы – то чаму б і не?


У каманду валанцёраў ідуць людзі з агульнымі інтарэсамі, з палаючымі вачыма, адкрытыя да зносін. Пазітыў, гумар, адказнасць – гэта агульныя рысы ўсіх валанцёраў, асабліва веласіпедыстаў. Абстаноўка мегапазітыўная заўсёды, мора эмоцый, шмат новых знаёмстваў і сустрэч са старымі прыяцелямі”.


Аляксандр двойчы быў удзельнікам марафону, а потым зразумеў, што такі фармат гонак – гэта не яго. І ён палічыў за лепшае быць валанцёрам.


“Як любому актыўнаму веласіпедысту, мне хочацца каб веларух рос, а аматарскія спаборніцтвы гэтаму спрыяюць, бо чалавек, які толькі купіў ровар, імкнецца наведаць максімум такіх мерапрыемстваў у сваім рэгіёне. Я па сабе ведаю: сам калісьці даўно, пасля куплі першага ровара, паехаў на “Суседзi”. Цяпер трэці год запар дапамагаю, раблю сваю маленькую частку працы, каб удзельнікі атрымалі максімум задавальнення. Бо задаволены ўдзельнік захоча яшчэ раз прыехаць, а гэта значыць – будзе ўдасканальваць навыкі, каб паказаць лепшы вынік. Гэта значыць, што з’явіўся яшчэ адзін актыўны веласіпедыст. Ужо якi год запар каманда валанцёраў складаецца ў асноўным са знаёмых і аднадумцаў, а гэта проста ідэальна для сумеснай працы”.


Веламарафону “Суседзі” ўсё яшчэ патрэбныя валанцёры! Каб далучыцца, проста запоўні анкету.



Першае фота: veloby.net