Гарадзенскія кіроўцы дапамаглі патушыць лесавоз, які загарэўся наўпрост пасярод дарогі

|

Узгаранне адбылося ў той момант, калі на светлафоры ля абласнога ДАІ стаяла шмат машын. Адзін з кіроўцаў, Сяргей, распавядае, што калі ўбачыў падпалены лесавоз, адразу ж узяўся дапамагаць яго тушыць. Услед рушылі і іншыя гарадзенцы.

 


“Я стаяў на скрыжаванні ў бок Румлёва, каб потым развярнуцца і выехаць на мінскую трасу. Пачуў хлапок, падумаў, можа нехта ўрэзаўся. Паглядзеў па баках і нічога не ўбачыў. Калі праехаў скрыжаванне, то ўбачыў, як з пад лесавоза ідзе дым і бачна полымя. Спыніўся, узяў вогнетушыцель і пабег да грузавіка. Тое ж самае пачалі рабіць i іншыя людзi. Яны падавалі вогнетушыцелі кіроўцу лесавоза, а ён тушыў”, – распавёў Сяргей.

 

 

Каля 10 чалавек выйшлі са сваіх аўто з вогнетушыцелямі, каб дапамагчы.

 

Пажарныя прыехалі хутка, але за гэты час гарадзенцы ўжо здолелі патушыць агонь. Паводле папярэдняй версіі МНС, адбылося ўзгаранне задняга кола ў прычэпе. Прычына – награванне восі.

 

У прэс-службе ДАІ паведамілі, што ўзгаранне адбылося ў ваколіцах задняй восі прыцэпа. Хутчэй за ўсё, у загружанага прычэпа заклінілі калодкі.