Людзі супраць танкаў: як змагаліся з нямецкай тэхнікай у Гродне і ваколіцах у ліпені 44-га

Немцы планавалі спыніць савецкае наступленне на лініі ракі Нёман і абараняць Гродна, у якасці чарговай “крэпасці Усходняга фронта”. Згодна з гэтым варыянтам горад чакалі цяжкія баі, якія адбыліся ў Віцебску ці Бабруйску, і ў выніку якіх гэтыя гарады вельмі моцна пацярпелі. Аднак хуткае наступленне савецкага 3-га Гвардзейска кавалерыйскага корпуса пад камандваннем генерала Аслікоўскага і дывізій 31-й і 50-й армій не дазволілі немцам здзейсніць гэтыя планы. Гродна быў узяты даволі хутка. Баі на вуліцах горада працягваліся толькі адзін вечар 15 ліпеня.

 

Як вызвалялі Гродна ў ліпені 1944 года: успаміны гараджан

 

 

Наступленне савецкіх войск пад Гродна ў ліпени 1944 г. 45-мм супрацьтанкавыя гарматы на коннай цязе

 

 

Іншае становішча склалася на левым беразе Нёмана. Яшчэ 14 ліпеня савецкія войскі пачалі фарсіраваць раку і працягваць наступленне ў накірунку Сапоцкіна і Аўгустоўскай пушчы. Нямецкае камандванне здолела падцягнуць сюды ж баявую групу 3-й танкавай дывізіі СС “Мёртвая галава”. ССаўцы ехалі аж з Румыніі, але тое была цалкам свежая, падрыхтаваная да баёў частка з сотнямі танкаў. Для савецкіх войск гэта было нечаканасцю. На ўзбраенні дывізіі знаходзіліся штурмавыя гарматы StuG-III, сярэднія танкі Pz-IV, самаходныя артылерыйскія гарматы Hummel і Wespe. Але галоўнай небяспечнасцю для савецкай пехоты сталі цяжкія танкі Pz-VI Tiger, якімі была ўзброена 9-я рота танкавага палка дывізіі.

 

“Тыгр” з танкавай дывізіі СС “Мёртвая галава”

 

Самаходная гаўбіца Hummel

 

Цяжкі танк Т-VI  з 9-й роты 3-га тп СС. Лета 1944 года

 

Што маглі супрацьпаставіць сучаснай нямецкай бранятэхніцы стомленыя амаль месяцам наступлення па Беларусі савецкія войскі? Вядома, што на левым беразе Нёмана дзейнічалі некалькі танкаў 198-га асобнага танкавага палка кавалерыйскага корпуса. На ўзбраенні меў танкі Т-34, праўда, не такія як стаіць на Савецкай плошчы, а больш старой версіі, і англійскія танкі МК-ІІІ Valentine. Апошнія пастаўляліся ў СССР па ленд лізу і лічыліся добрай падтрымкай для хуткіх кавалерыйскіх частак. Пяхоту 50-й арміі падтрымлівалі лёгкія самаходныя ўстаноўкі СУ-76 са складу 1444-га самаходнага артылерыйскага палка (верагодна каля 10 штук). Гэтыя самаходкі салдаты не любілі, называючы іх “Прощай, Родина!” СУ-76 мела тонкую браню спераду і зусім не мела яе ззаду, ды і гармата была не асабліва моцная для барацьбы з цяжкімі танкамі.

 

СУ-76

 

Баі з выкарыстаннем танкаў пачаліся 17 ліпеня ў ваколіцах Гродна. Пад час атакі вёскі Адамавічы савецкія войскі здолелі падбіць нямецкі цяжкі танк Pz-VI Tiger унтэрштурмфюрэра Вэнзэля. Пры гэтым яго пашкоджанні былі дастаткова сур’ёзнымі. Танк спыніўся і не мог працягваць рух. Савецкія салдаты дасталі членаў экіпажа і растралялі іх усіх, акрамя стралка-радыста. Гэта, у прынцыпе, зразумела, паколькі ССаўцаў у палон бралі вельмі рэдка.

 

Здараліся ў баях і непаразуменні. Так 18 ліпеня, калі разгарнуліся цяжкія баі за вёску Каўбаскі, баявая група танкавай дывізіі “Мёртвая галава” спрабавала прадухіліць савецкае наступленне на гэтым накірунку. Танкі Pz-VI Tiger занялі пазіцыі непадалёку ад вёскі і адбівалі савецкія атакі. Пад час бою адзін з нямецкіх танкаў спыніўся з-за паломкі рухавіка. Танк камандзіра роты гаўптштурмфюрэра Фішэра ўзяў яго на буксір. Падчас эвакуацыі нямецкія танкі былі абстраляны сваёй жа супрацьтанкавай гарматай з пяхотнага падраздзялення. Камандзір роты быў смяротна паранены.

 

19 ліпеня 9-я рота цяжкіх танкаў СС разам з пяхотай атакавала мястэчка Сапоцкін. Савецкія войскі актыўна выкарыстоўвалі артылерыю. Адзін з Pz-VI Tiger пад’ехаў даволі блізка да савецкіх пазіцый і быў падбіты пасля некалькіх пападанняў з гармат. Экіпаж танка таксама расстралялі. Цяжкія баі вяліся і за пераправу праз Нёман. Тут ужо дзейнічала савецкая бранятэхніка – савецкія самаходкі СУ-76 з 1444-га палка вялі баі па прыкрыццю пераправы каля вёскі Шэмбелеўцы.

 

 

20 ліпеня 9-я рота нямецкіх танкаў ізноў адбівала моцныя савецкія атакі каля вёсцы Каўбаскі. З боку Шэмбелеўцаў, ад пераправы савецкія СУ-76 атакавалі нямецкія пазіцыі. Супрацьстаянне лёгкіх савецкіх самаходак і цяжкіх нямекіх танкаў склалася не на карысць першых. У атацы былі падбіты тры савецкія самаходкі. Праўда, іх удалося эвакуіраваць. У гэты ж дзень немцам удалося ўварвацца ў Адамавічы і агледзець падбіты падчас першай атакі 17 ліпеня “Тыгр”. Не здолеўшы яго эвакуяваць, немцы аблілі танк гаручым і падпалілі.

 

22 ліпеня 1444-ты полк з СУ-76 вёў баі за вёскі Скрыннікі і Васарабы. У гэтых баях савецкія самаходчыкі падбілі нямецкі бронетранспарцёр. У наступны дзень баі за вёску працягваліся. Самаходчыкі актыўна падтрымлівалі сваю пехоту. У выніку іх манёўра вёска была ўзята. Пры гэтым вылучыўся экіпаж самаходнай гарматы СУ-76 малодшага лейтэнанта Мінеева, які ўступіў у бой з нямецкім САУ StuG-III. Малодшы сяржант Рагавы заўважыў нямецкую самаходку і далажыў камандзіру. У гэтым супрацьстаянні немцы мелі перавагу – іх самаходка мела лепшае браніраванне. Аднак пасля перастрэлкі, актыўнага манеўравання і змены пазіцый, а таксама пяці трапных выстралаў, нямецкая самаходка была знішчана.

 

StuG-40 Ausf. G з 3-й тд СС. Лабавое браніраванне ўзмоцнена. Барта прыкрыты супрацькумулятыўнымі шчытамі

 

Лёгкай самаходцы ваяваць з танкамі было вельмі няпроста. Але ў баях на поўнач ад Гродна ў ліпені 1944 г. немцы страцілі дзве ўласныя самаходкі, бронетранспарцёр, тры танкі Pz-IV і адзін Pz-VI Tiger. Гэтыя дадзеныя паходзяць з нямецкіх бавяых данясенняў і адпавядаюць сапраўднасці. Дакладныя страты савецкіх танкістаў невядомыя, але яны таксама былі немалыя. Тым больш, што і танкаў было мала. Таму асноўным сродкам барацьбы з варожай тэхнікай заставалася лёгкая супрацьтанкавая гармата ды супрацьтанкавыя гранаты.