Вывучыць родную мову беларусам у Сакрамэнта дапамогуць гарадзенскія настаўнікі

|

Ларыса Ганчар родам з Пінска, за акіянам жыве ўжо 25 гадоў, і 11 з іх узначальвае школу ў горадзе Сакрамэнта. Там вучацца дзеці, у асноўным, славянскай дыяспары, у тым ліку і беларусы. Таму ў сваёй школе Ларыса Ганчар хоча навучаць дзяцей беларускай мове. Настаўнікі для гэтага там ёсць, у Гродна яна прыехала каб вывучыць вопыт.


“Настаўнікі ў нас ёсць, у тым ліку тыя, што скончылі беларускія педагагічныя ўніверсітэты ў розных гарадах Беларусi. Але нам бы хацелася ісці ў нагу з сучаснай беларускай адукацыяй. Мы хочам, каб нас навучалі правілам, новых законам, нейкім метадычным прынцыпам і г.д.”, – сказала Ларыса Ганчар.

 

Падчас круглага стала з прадстаўнікамі гарадзенскай школы №32 беларускія выкладчыкі падзяліліся з заакіянскай калегай сучаснымі метадамі выкладання беларускай мовы. У будучыні падобнае супрацоўніцтва стане пастаянным. Далейшым развіццём адносін можа стаць абмен вучнямі і выкладчыкамі школ, рэалізацыя сумесных адукацыйных праектаў.

 

Ларыса Ганчар таксама правяла сустрэчу з кіраўніцтвам Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Галоўнай тэмай стала абмеркаванне магчымасцяў узаемавыгаднага супрацоўніцтва ў сферы адукацыі.

 

Нагадаем, беларуска-амерыканскае супрацоўніцтва наладзіў у канцы студзеня старшыня гродзенскага гарвыканкама Мечыслаў Гой. Тады ён з афіцыйным візітам наведваў горад Сакрамэнта ў штаце Каліфорнія.