Гродзенская веласям’я: Ездзіць разам на ровары крута, але Гродна пакуль непрыязны да веласем’яў горад

З чаго ўсё пачалося

 

Знаёмімся з нашай веласям’ёй у двары аднаго з дамоў на Вішняўцы. Гэты раён адносна новы, таму праектаваўся з веладарожкамі. Гэта адна з выгод, якая робіць ровар яшчэ бліжэй.

 

«Я – першы!» – ад напружання прыкусіўшы язык пераможна крычыць маленькі Даніла, абганяючы бацькоў на сваім маленькім ровары.

 

«Я з дзяцінства не злазіў з ровара. У студэнцкія гады ўсё неяк закінулі, у горадзе было нязручна катацца. Але ў апошнія гадоў пяць мода на ровары пачала паўсюдна набіраць абароты, пачаў праходзіць той жа марафон «Суседзі», Крос-кантры гонкі. У мяне ёсць лепшы сябар, які ніколі не меў ровара, быў дамасед. І вось калі ў мяне быў перапынак у катанні, ён купіў сабе ровар і пачаў пераадольваць значныя адлегласці для пачаткоўца. Я падумаў – як жа так, я ж усё жыццё быў актыўным, рухаўся, а нават ровара не маю. Узяў і купіў. Першы мой ровар быў «Фуджы», горны, белага колеру», – распавядае пра тое, як усё пачыналася, Леанід.

 

“Цікавая траса і файная музыка”. Веламарафон “Суседзі” – не толькі спорт

 

 

У сваё захапленне ён паступова ўцягнуў і жонку Кацярыну.

 

«Куды мне было дзявацца? – са смехам кажа Каця. – Я таксама спартыўны чалавек, мне гэта было не чужое. У дзяцінстве заўсёды былі ровары, таму я была толькі за падобнае захапленне».

 

Велакрэсла зручней бацькам

 

Прышчапіць дзецям запал да ровараў лёгка – купляеш дзіцяці ровар, вучыш катацца і ўсё. Калі ў сям’і з’явілася першае дзіця – сын Даніла – купілі для яго велакрэсло, таму ўжо з самых малых гадоў малы далучаўся да велапрагулкі.

 

«Спачатку сын Даня ездзіў са мной у крэсле і асабліва не выяўляў цікавасці да ровараў, хоць яго аднагодкі ўжо ва ўсю круцілі педалі. Але вось у 2,5 гады ён пачаў ездзіць. Зараз ганяе на маленькім ровары, знайшлі і купілі яго на форуме, на наступны год падрасце і купім штосьці лепей», – распавядае Леанід.

 

 

З дзецьмі на ровары можна ездзіць і зімой, і летам. У мароз, вядома, ніхто не ездзіць, але пры нулявой тэмпературы цалкам можна. Тым больш калі ўспомніць, якія ў апошнія гады у нас зімы. Зараз Дане 3,5 гады, а маленькай Маргарыце ўсяго 11 месяцаў. У велакрэсле яна адчувае сябе свабодна: усміхаецца і з цікавасцю глядзіць па баках. Праўда, на думку таты, велакрэсла хоць і глядзіцца класна, але ўсё ж мае свае мінусы.

 

Пракаты ровараў у Гродне: што, дзе і за колькі

 

«Калі дзіця сядзіць на ровары, яно круціць педалі, хоць для маленькага дзіцяці вельмі складана пачаць гэты рух. Мы неяк каталіся за КСМ, там ёсць месца, «Чайкін стол», дзе збіраюцца за вогнішчам веласіпедысты. Справа была восенню, я круціў педалі, то бок грэў сябе сам, мне было добра і камфортна, а вось нерухомае дзіця ў крэсле замёрзла, хоць быццам і цёпла апраналі. Таму велакрэсла – рэч патрэбная ў выпадку, каб дабрацца з пункту А да пункту Б. Для дарослага гэта зручна, мы так з велакрэслам шмат дзе пабывалі, а вось само дзіця трасецца, боўтаецца. Я мару пра той момант, калі мы пасталеем, нам будзе 4-5 гадоў, і мы ўсе можам перасесці на ровары, тады гэта будзе сапраўдная веласіпедная сям’я», – кажа Леанід.

 

 

Аб яздзе па горадзе

 

Па Гродна цяжка ездзіць на ровары – у нас дрэнна развітая інфраструктура і велакультура. З дзецьмі ўсё становіцца яшчэ складаней. Таму маладая сям’я катаецца ў асноўным па раёне, дзе ёсць хоць нейкая інфраструктура, або ў паркавых зонах – напрыклад, у Румлёва, Пышках.

 

Асноўная складанасць пры катанні па горадзе – высокія бардзюры. Тратуары не маюць з’ездаў і заездаў. А яшчэ на кожным светлафоры трэба злазіць з ровара і пераходзіць дарогу пешшу.

 

«Для мяне гэта трызненне. Несціся на светлафор нельга, але калі ты спакойна пад’ехаў да святлафора, паглядзеў налева-направа, ты як той жа самы пешаход. У мяне спецыяльны веласіпедны абутак, які трэба расшпільваць, калі еду з велакрэслом, мне трэба не проста нагу перакінуць, а здзяйсняць іншыя манеўры. Вось Даня ў нас 19-20 кг, яго крэсла больш устойлівае, а наша Маргарыта важыць у два разы менш, ровар з крэслам становіцца цалкам няўстойлівым. Таму пераходы на светлафоры ператвараюцца ў нейкія пакуты», – разважае Леанід.

 

Кацярына адзначыла, што яны катаюцца для задавальнення, таму могуць паехаць туды, дзе зручна і дзе ёсць маленькія бардзюры.

 

«А так нават перайсці дарогу праблематычна: свой ​​вядзеш, ды яшчэ і маленькі дзіцячы ровар у прыдачу цягнеш. У краму нельга заязджаць на маленькім дзіцячым ровары. Так што калі вельмі трэба, то даводзіцца пакідаць яго недзе побач. І пастаянна баяцца, што яго скрадуць, – кажа дзяўчына.

 

 

Баяцца даводзіцца і за дарослыя ровары: праедзеш на ровары да крамы, а вось пакінуць, пакуль здзяйсняеш пакупкі – цэлы стрэс.

 

«Хочацца дажыць да таго моманту, калі з гэтым у нас стане больш культурна і арганізавана. Тыя велапаркоўкі, якія з’яўляюцца, ні пра што. Самая нармальная паркоўка – літарай “П”, калі ты можаш рамай прыставіць ровар. Большасць жа нашых велапарковак нязручныя і непрадуманыя, у іх можна проста зламаць ровар. Трохі супакойвае, што ўсюды зараз устаноўлены камеры, і калі што, можна потым паглядзець, хто ўзяў тваю рэч», – кажа Леанід.

 

Калі ёсць яшчэ і машына

 

Два гады таму ў сям’і не было машыны, усе перасоўваліся на роварах. Але калі ў сям’і двое дзяцей, без машыны цяжкавата.

 

«З машынай па справах атрымліваецца хутчэй, больш мабільна. Машына патрэбна, тым больш калі ёсць дзеці, а ровар цяпер больш – для душы і актыўнага адпачынку», – распавядае Кацярына.

 

Леанід падхоплівае:

 

«Веласіпед люблю, але і ад машыны не адмоўлюся. На працу я езджу на машыне, у мяне дрэс-код, штаны, кашуля, і зразумела, што на ровары ў такой вопратцы ездзіць нерэальна. На папярэдняй працы я сядзеў у офісе, была магчымасць памыцца, і я туды ездзіў на ровары. Аўто выкарыстоўваем асабліва для спраў, хутка туды-назад з’ездзіць і вырашыць пытанні. Хоць тут ёсць мінусы – машына прывязвае да месца. А ровар – садзішся ў сябе пад домам і едзеш, куды трэба. Табе не трэба ісці на прыпынак, чакаць транспарт. Ровар – спакойны сродак, для сябе. Выдатна сесці і праехаць па раёне, адцягнуцца».

 

Як выбраць ровар для горада

 

У гэтым пытанні Леанід аддае перавагу горным ровары – як ні круці, з-за дрэннай гарадской велаінфраструктуры гэта самы аптымальны варыянт.

 

Леанід упэўнены: дарагія ровары купляюць у асноўным спартсмены для ўдзелу ў спаборніцтвах або велафетышысты.

 

«Усё залежыць ад таго, які ровар і як актыўна плануецца ездзіць. Калі чалавек за сезон праязджае 2 тысячы км, гэта вельмі сур’ёзныя нагрузкі на ровар. Калі чалавек праязджае па 100 км за сезон, то можна асабліва не грузіцца, купіць ровар за 200-300 долараў, або б/у. Мой сябар купіў сабе прасценькі стары жалезны ровар за 100 долараў, ездзіць не першы год. Выглядае вядома не ахці, але ездзіць. Ён на ім і на «Суседзях», і на крос -кантры катаўся. Так што ўсё залежыць ад сродкаў, ад мэты і жадання».

 

Захоўваюцца ровары на балконе. Зручная рэч – падвалы, але не ва ўсіх дамах яны ёсць, а часта калі і ёсць, то яны маленькія, два ровары паставіш – і ўжо занята амаль уся прастора. Калі захоўваць ровары на пляцоўцы або ў пад’ездзе, высокая рызыка, што скрадуць.

 

Адзенне для велапрагулак

 

Большасць веласіпедыстаў лічыць, што трэба апранацца па-спартоваму, насіць спецыяльную аблягаючую веласіпедную вопратку, абутак і шлемы. Сям’і з дастаткам сярэднім ці ніжэй сярэдняга складана купіць добрыя ровары і спецыяльную вопратку. У крамах кожная рэч каштуе ледзь не пад мільён.

 

«Што тычыцца адзення, я лічу, што найбольш аптымальны варыянт – тое, што цяпер на мне. У гэтым пытанні – жыве сэканд-хэнд! Марнаваць на велавопратку вялікія грошы, калі ты не прафесійна гэтым займаешся, бессэнсоўна. У сэканд-хэнд такога дабра навалам, у прынцыпе, у добрым стане. Хоць людзі ездзяць у рознай вопратцы, у звычайных джынсах, футболках. Але я вось паспрабаваў у спецыяльным абутку паездзіць, і цяпер у звычайным адчуваю сябе некамфортна і нецікава. З адзення яшчэ вельмі добрая штука пальчаткі», – раіць гродзенец.

 

Плюсы сямейнай язды

 

Ровар – добры сродак падтрымліваць здароўе, тым больш, калі казаць пра дзяцей. Гэта карысна і весела. Акрамя гэтага, падчас павольнай велапрагулкі можна пабываць у многіх цікавых месцах, знайсці новыя тэмы для размоў, забыцца пра дрэннае і палепшыць настрой.

 

«Веласіпед акрыляе. Тут асаблівыя адчуванні, падобна плаванню і скачкам з парашутам. Настрой заўсёды падымаецца. Калі адпачываеш з сям’ёй разам, яно збліжае яшчэ больш, робіць адносіны мацней», – упэўнены Леанід.

 

 

«І дачка нашмат больш ахвотна сядае ў велакрэсла. У машыну яшчэ поўговорваць трэба, цацку якую ў руку даць», – усміхаючыся, дадала Кацярына.