Таксіста Андрэя Этэля правялі ў апошні шлях. Сябры падазраваных не могуць паверыць, што яны забiлi чалавека

|

Апошняе забойства таксіста здарылася ў Гродне даўно – 13 гадоў таму. Гэтая трагедыя ўсхвалявала горад, пра здарэнне казалі ўсе. Каб развітацца з Андрэем, людзям даводзілася стаяць у чарзе, шмат хто не стрымліваў слёз. Па дарозе да дому Андрэя расцягнулася вялікая калона машын таксі. Калегі разумеюць, што на месцы забiтага мог апынуцца кожны.

 

Праваахоўнікі падцвердзілі факт забойства гарадзенскага таксіста

 

У Андрэя Этэля засталася жонка і маленькая дачка. Усе хочуць ведаць, хто пазбавіў маладую сям’ю кармільца, любячага бацькі і добрага мужа.


Хто яны?

 

Падазраюцца ў забойстве два хлопцы. Першы падазраваны – 21-гадовы Артур, які працаваў афіцыянтам. Яго сябры дагэтуль не могуць паверыць, што Артур мог здзейсніць забойства.

 

Вядома, што малады чалавек родам з Расіі, жыве ў Гродне некалькі гадоў. Да працы афіцыянтам ён арганізоўваў вечарынкі ў горадзе.

 

Раніцай пасля забойства хлопец вёў сябе добра і не падаваў прыкмет хвалявання. Паспеў нават пабачыцца з дзяўчынай і выдалiць старонку Вконтакте.


“Я і ўявіць сабе не мог, што Артур пайшоў на такое. Заўсёды быў добры да людзей, а тут нявіннага чалавека забіць. Наркотыкамі і алкаголем ён не захапляўся, толькі курыў шмат з-за нерваў. У яго былі сур’ёзныя грашовыя праблемы, даўгоў больш чым на 30 млн. Ён збіраўся ўладкоўвацца на другую працу, каб разабрацца з пазыкамі. Жыў на Фолюшы, на здымнай кватэры і павінен быў за яе за 2 ці 3 месяцы. Мабыць, пайшоў на злачынства дзеля грошай. Можа ён і не забіваў, і ідзе па справе як саўдзельнік? Я не ведаю, я ў шоку”, – распавёў адзін з сяброў падазраванага Артура.

 

Ва ўстанове, дзе працаваў Артур, многія і не ведалі, куды ён падзеўся. А тыя, хто ведаў, былі шакаваныя.

 

Другі падазраваны – 22-гадовы Аляксандр, які жыве недалёка ад горада. Вядома, што ў яго засталася жонка на шостым месяцы цяжарнасці. Яна таксама не можа паверыць, што яе муж забіў чалавека.


“Я чытаю навіны і проста не магу паверыць, што ён мог такое зрабіць. Мой Саша ніколі не біўся. У дзень, калі знайшлі цела таксіста, ён паводзіў сябе спакойна і нічога мне не казаў, а пасля яму ў абед нехта патэлефанаваў, ён пайшоў і не вярнуўся. Дзень раней ён атрымаў зарплату, былi ў яго грошы, так што я не бачу сэнсу ісці на забойства дзеля грошай. Былі ў яго пазыкі, але іх вылічвалі з зарплаты. У сям’і заўсёды ўсё было добра, мы ніколі ні ў чым не мелі патрэбы. Іншы раз бацькі дапамагалі”, – кажа жонка падазраванага Аляксандра.

 

Таксама яна распавяла, што Артур, першы падазраваны, незадоўга да злачынства прапанаваў Аляксандру трохі падзарабіць на “стварэнні нейкіх сайтаў”.


“Колькі я з Сашам жыву, Артур увесь час спрабаваў майго мужа кудысьці ўцягнуць. “Саша давай гэта зробім, давай гэта”, а Саша, добрая душа, згаджаўся і ледзь не бег за ім. Мне здаецца, калі віну іх дакажуць, то Артур зробіць усё магчымае, каб зваліць усё на Сашу. Жахліва ўсё гэта, мне нараджаць хутка, а тут такое. Я разумею жонку загінулага, мы ўсе сур’ёзна пацярпелі”.

 

Вядома, што падазраваных знайшлі па адбітках пальцаў. Пасля паступлення ў СІЗА маладыя людзі прызналіся ў злачынстве, ім адразу ж далі адваката. Але яны яму нічога толкам не распавялі, бо блыталіся ў паказаннях.

 

Раскайваюцца ці не?

 

Па інфармацыі, якую перадаў адвакат, падазраваныя раскайваюцца. Але блізкі сваяк забітага, які папрасіў не называць яго імя, у гэта не верыць.

 

“Андрэй быў як брат, заўсёды ўсім дапамагаў. Яны [падазраваныя] не раскайваюцца – яны проста ішлі забіваць. Не ішлі за грашыма, а проста хацелі забіць чалавека. З сабой у іх былі малаткі. Андрэй спрабаваў уцячы, але яны дагналі яго і пачалі дабіваць камянямі. Хацелі забіваць і далей. Яны могуць шмат чаго цяпер нагаварыць, але, калі іх прывезлі на месца, дзе знайшлі Андрэя, яны ўсміхаліся і казалі, што зрабілі правільна”.

 

Іншыя сваякі загінулага кажуць, што iм стала вядома, быццам злачынцы год рыхтавалі гэта забойства. Нібыта, пры следчых хлопцы казалі, што “пашанцавала астатнім таксістам”, маўляў, Андрэй проста першым трапіўся на іх шляху, а забіваць кіроўцаў яны планавалі і далей.

 

“Грошай было ўсяго 600 тысяч рублёў. Калі Андрэй прапаў, мы ж да бабкі хадзілі, тая казала, што моцна ён паранены, але яшчэ жывы. Ведалі б дзе, можа выратавалі б”, – кажа адзін са сваякоў.

 

Хавалі Андрэя з закрытым тварам і рукамі. Сваякі паведамілі, што галаву загінулага аднаўлялi па частках: былі выбітыя ўсе зубы, ды і наогул ад чэрапа мала што засталося – так моцна і доўга білі яго малатком. Рукі былі ўсе пераламаныя, напэўна таму, што спрабаваў закрыцца ад удараў.

 

***

 

Інфармацыя пра тое, што прапаў 33-гадовы гарадзенскі таксіст, стала з’яўляцца ў нядзелю, 14 жніўня. Раніцай 15 жніўня стала вядома, што машыну знайшлі ў лесе каля Гродна. Нібыта, яе салон быў у крыві, аднак гэта аказалася чуткай.

 

У той жа дзень каля абеду з’явілася інфармацыя, што таксіста знайшлі мёртвым каля Гібуліч. Супрацоўнікі крымінальнага вышуку УУС і Гродзенскага РАУС высветлілі маршрут аўтамабіля зніклага таксіста. Высветлілася, што кіроўца ўзяў двух маладых хлопцаў, крыху старэйшых за 20 гадоў, у мікрараёне Фолюша, ды павёз пасажыраў за горад.

 

Міліцыя пачала адпрацоўваць маршрут і на полі каля вёскі Гібулічы знайшла труп таксіста. Устаноўлена, што злачынства здзейснілі менавіта тыя два хлопцы, што селі ў таксі на Фолюшы. Асноўнай мэтай зламыснікаў стала дзённая выручка забітага. Падазраваныя былi затрыманы.