Лідар “Троіцы” Іван Кірчук агучыў “краязнаўчую казку” пра Гродна
“Мне было вельмі цікава браць удзел у праекце “Краязнаўчая казка”, – адзначыў Іван Кірчук. – Беларускі фальклор – гэта маё жыццё, я займаюся ім 33 гады. Мы збіралі і запісвалі па вёсках народныя песні, казкі, легенды. З часоў нашых першых экспедыцый у 1983 годзе ў маёй асабістай калекцыі і ў Акадэміі навук захоўваюцца шмат казак, запісаных яшчэ на магнітных стужках. Дзякуючы такім праектам беларускі фальклор становіцца больш даступным нашым дзецям“.
“Галасамі” краязнаўчых казак таксама сталі Сяржук Доўгушаў – спявак, музыка (этна-гурт «VuRaj», сацыяльны праект “Спеўны сход”), Іван Падрэз – вядучы Агульнанацыянальнага тэлебачання, спявачка Паліна Рэспубліка, Руся – спявачка гурта “Shuma”, Андрусь Такінданг – мастак, музыка гурта “Recha”, Святлана Цімохіна – актрыса Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек, а таксама акцёры Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы: Раман Падаляка, актрыса і тэлевядучая канала СТВ Юлія Шпілеўская, актрыса і лідар гурта “S○unduk” Ганна Хітрык.
Праект стаў магчымым пры падтрымцы мабільнага аператара velcom і прадстаўніцтва МТРК “Мір” у Рэспубліцы Беларусь. “Рэалізацыя праектаў, звязаных з нацыянальнай самасвядомасцю – адзін з галоўных напрамкаў карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці velcom. Мы з радасцю падтрымалі праект «Краязнаўчая казка», бо гэта магчымасць дакрануцца да народнай мудрасці і роднага слова дзякуючы сучасным тэхналогіям і з дапамогай вядомых беларускіх музыкаў, акцёраў і тэлевядучых, – каментуе кіраўнік аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі velcom Вячаслаў Смірноў. – Мы ўпэўненыя, што гэты праект будзе цікавы шырокаму колу чытачоў і слухачоў, асабліва ў тых гарадах, якім прысвечаны гісторыі“.
Штотыдзень па аўторках на сайце kazka.aif.by становіцца даступнай новая казка з 10 агучаных. Ужо можна праслухаць або спампаваць аўдыёверсіі гісторый пра Браслаў, Лепель, Лагойск, Смаляны, а таксама мінскія рэкі Свіслач і Пярэспу.