“Не ставім мэту накачацца – працуем толькі са сваёй вагой”. Гарадзенка распавядае пра жаночы варкаўт

|

Яшчэ ў канцы вясны ў Гродне з’явілася першая варкаўт-пляцоўка. А наогул заняткі вулічным спортам не патрабуюць нейкіх асаблівых прыстасаванняў, займацца можна нават на пляцоўках, абсталяваных яшчэ за савецкім часам.


“У мяне ўсё пачалося яшчэ ў цыркавой студыі, у якой я паралельна займаюся. А з варкаўтам я пазнаёмілася некалькі гадоў таму. Часта заўважала, як хлопцы займаюцца на турніках, і ў мяне з’явілася цікавасць. Я ведала сваю падрыхтоўку і спрабавала нешта паўтараць за хлопцамі – нешта стала атрымлівацца, так і ўвайшла ў смак. Мне не было цяжка, бо была матывацыя і жаданне хоць нечаму новаму навучыцца”, – кажа Юлія.

 

 

Разам з Юліяй займаецца яшчэ некалькі дзяўчат, якія ў варкаўце працуюць над такімі элементамі як пластыка і гімнастыка.


“На трэніроўках мы не ставім мэту накачацца – працуем толькі са сваёй вагой. Займаюцца ў нас дзяўчаты, яны працуюць над сабой і хутка будзе добры вынік. Трэніроўкі ў нас бясплатныя, займаецца шмат іншагародніх дзяўчат, якія прыходзяць на пляцоўку падчас навучальнага года. Варкаўт для нас – гэта трэніроўка, дзе мы адпачываем душой. Для нас – гэта расслабленне, падтрымка фігуры і спартыўнай формы. Таксама мы гарадзенскай камандай “Street Legion Team” часта прымаем удзел у гарадскіх мерапрыемствах. У нашых планах удзел і на розных спаборніцтвах”.

 

У гарадзенскай камандзе зараз пастаянна займаецца каля 20 чалавек, з іх 5 дзяўчат. Юлiя ў іх старэйшая, пры ёй пакуль усе стараюцца і ніхто не сыходзіць. Для дзяўчат вельмі важная фігура, многія прыходзяць займацца, бо жадаюць сачыць за сабой.

 


“У нас сяброўскі калектыў і ўсе адзін аднаму дапамагаюць. Трэніроўка пачынаецца з размінкі, якая доўжыцца больш за 40 хвілін. У размінку ўваходзяць розныя базавыя практыкаванні, адцісканне, прысяданне і многае іншае. А сама трэніроўка доўжыцца каля гадзіны. Маючы вольны час, варкаўтам можна займацца штодня – гэта лепш за ўсё, а так чаргаваць праз дзень. Добра займацца, калі пляцоўка побач, а калі далёка – то дарога да яе займае шмат часу. Я, напрыклад, жыву на Дзевятоўцы і хаджу пешшу ў Пышкі, каб пазаймацца з камандай. Іншы раз трэніруюся на школьным стадыёне – на старых, яшчэ савецкіх турніках”.

 

Гарадзенская каманда “Street Legion Team” выступае за тое, каб у горадзе было больш сучасных спартыўных пляцовак. Напрыклад, такіх пляцовак як у Пышках, але толькі з добрым пакрыццём, бо шмат хто ў лесапарку ўжо атрымаў траўму.

 

 

Дарэчы, Юлія ў каманду прывяла і свайго мужа, які цяпер імкнецца актыўна займацца.

 

Больш пра варкаўт у Гродне, можна даведацца ў групе Вконтакте.