У Гродна прыехаў новы Генеральны консул Польшчы. Ужо запланаваны сустрэчы з мясцовымі ўладамі

Чым займаўся новы консул раней і якія магчымыя напрамкі яго працы? Разбіраемся з яго біяграфіяй.

 

Яраслаў Ксёнжэк – варшавяк. Нарадзіўся ў 1957 годзе. Па адукацыі гісторык – скончыў Варшаўскі Універсітэт, дзе ў 1981 атрымаў тытул магістра, а ў 1992 – закончыў аспірантуру з тэмай даследавання “Вобраз дзеяў Польшчы ў публіцыстыцы і гістарыяграфіі Нацыянальнага лагера 1918-1939 гг.”

 

Сваю кар’еру Яраслаў Ксёнжэк пачынаў як настаўнік, потым працаваў асістэнтам на Кафедры Гісторыі Варшаўскага Універсітэта. З Міністэрствам замежных спраў Польшчы звязаны з 1993 г.

 

У новага консула даволі вялікі досвед працы ў замежных польскіх пляцоўках. Пры гэтым – ва ўсходніх краінах-суседках Польшчы. У 1997-2001 працаваў у Амбасадзе ў Сеуле. У 2003-2006 гг. з’яўляўся генеральным консулам у Харкаве, у 2006-2010 гг. генконсулам у Брэсце. Апошнім часам (2011-2015) займаў пасаду саветніка ў амбасадзе Польшчы ў Расіі, потым каля году працаваў у міністэрстве ў Варшаве.

 

У сваіх выказваннях новы консул не хавае, што “Беларусь з’яўляецца суседам, які патрабуе асаблівых высілкаў, спецыяльнай працы па стварэнню ўмоваў, якія па нашым разуменні можна лічыць нармальнымі і якія дазваляюць спакойную працу і нармальную арганізацыйную, сацыяльную, культурную дзейнасць польскай меншасці ў Беларусі”, – падкрэсліў Яраслаў Ксёнжэк у ліпені гэтага году. Ён таксама падкрэсліваў, што прыярытэтам яго дзейнасці будуць справы палоніі – супрацоўніцтва з польскім асяроддзем на Гарадзеншчыне, падтрымка арганізацыйных структур і іх культурна-асветніцкай дзейнасці. Аднак, консул заўважыў таксама што “гэта важны элемент, каб консульства было добразычлівым для беларускіх грамадзян, незалежна ад іх паходжання”.

 

Кандыдат на консула Польшчы ў Гродне: “Консульства павінна быць прыязным”

 

Парламенцкая Камісія па сувязі з палякамі за мяжой падтрымала кандыдатуру Яраслава Ксёнжка 5 ліпеня гэтага году. “Вялікае ўражанне зрабіла на мяне яго бачанне супрацоўніцтва Гродзеншчыны з рэгіёнамі – Падляскім ваяводствам і Беластокам. Чакаю пазітыўных дзеянняў у гэтым напрамку”, – абгрунтаваў выбар камісіі Томаш Цімашевіч, адзін з яе членаў.

 

Генеральнага консула Польшчы не было ў Гродне з верасня 2015 года, калі сваю місію скончыў папярэдні кіраўнік консульства Анджэй Хадкевіч. Абавязкі генконсула выконваў консул Збігнеў Прухняк.

 

Фота: Наталля Талочка