“Нёман” абыграў “Мінск” і пакінуў зону вылету

|

Пасля ганебнай паразы ў Гродне ад брэсцкага “Дынама” галоўны трэнер “Нёмана” Ігар Кавалевіч зрабіў шэраг перастановак у камандзе. Склад гарадзенцаў ізноў пакінуў капітан Сяргей Сасноўскі, і каманду ў чарговы раз на гульню выводзіў Савіцкі. Таксама Кавалевіч з першых хвілін даў гуляць Яроцкаму. А ў варотах у “Нёмана” выйшаў Жураў, бо Курганскі быў дыскваліфікаваны.

 

Жоўта-зялёныя ўпэўнена правялі першы тайм і не далі суперніку стварыць ніводнага небяспечнага моманту ля сваіх варот. А вось каля варот “Мінска” гарадзенцам атрымалася стварыць не толькі вастрыню, але і забіць гол. Мяч, які ў выніку стаў пераможным, запісаў на свой рахунак Павел Савіцкі.

 

 

У другім тайме “Нёман” асеў у сваёй штрафной і гуляў строга ад абароны. Жураву даводзілася некалькі разоў ратаваць вароты гарадзенцаў. Але ў выніку падапечныя Ігара Кавалевіча здолелі ўтрымаць лік і давесці гульню да перамогі.

 

“Мінск” – “Нёман” – 0:1 (Савіцкі, 12)

 

Галоўны трэнер “Нёмана” Ігар Кавалевіч пасля пераможнага матчу падзякаваў сваёй камандзе за вынік, а таксама раскрытыкаваў паводзіны членаў назіральнага савета клуба.


“Дзякую камандзе за працу да і падчас матчу. У нашай сітуацыі важныя перамогі, патрэбныя былі тры ачкі сёння. Таксама хачу сказаць з нагоды папярэдняга паядынку. Шмат было шчаслівых людзей пасля матчу з брэсцкім “Дынама”. Калі члены назіральнага савета сыходзяць у перапынку матчу, то мы зможам гуляць і без іх. Нам іх прысутнасць не абавязкова. Хай яны сабе жывуць і будуць здаровыя”.


Пасля перамогі над “Мінскам” гарадзенцы пакінулі зону вылету і размясціліся на 14 месцы з 18 ачкамі ў актыве.

 

Дарэчы, ФК “Мінск” для Гродна з’яўляўся нязручным супернікам. “Нёман” не мог ніколі абыграць мінчан на іх стадыёне. Але Ігар Кавалевіч ужо паклаў гэтаму пачатак.

 

align=”” width=”725″ height=”505″ > 

 

Фота fcminsk.by