Кожны рэжысёр хоча ведаць, дзе схавалася чайка

Чэхаўская «Чайка» — адзін з самых папулярных класічных твораў у сучаснай беларускай тэатральнай прасторы. З рэпертуару Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек не сыходзіць «Чайка. Вопыт прачытання» Аляксея Ляляўскага, дзе ролі Трэплева і Трыгорына, перакрыжоўваючы лёсы гадоў, выконвае адзін акцёр. Гісторыяй узаемаадносін маці і сына, Аркадзінай і Трэплева, з’яўляецца перад гледачамі «Чэхаў. Камедыя. Чайка» Іскандэра Сакаева ў Беларускім дзяржаўным маладзёжным тэатры. Апакаліпсіс становіцца галоўным героем «Чайкі» Мікалая Пінігіна на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Чым жа адметная інтэрпрэтацыя Алега Жугжды? І чаму «Чайкі» сёння вылятаюць на тэатральныя сцэны адна за другой?

 

Алег Жугжда

 

Спектакль Алега Жугжды пачынаецца пралогам, у якім актрысы пераўвасабляюцца ў птушак-чаек, а акцёры цэляцца і страляюць у іх з палак-ружжаў. Заканчваецца сцэнай з кіно: Ніна, нібыта на запаволенай кінастужцы, дастае рэвальвер і, збягаючы ад Канстанціна, страляе ў яго. Рука з рэвальверам — метафара. Рэжысёр сцвярджае не ўласцівую нашаму стэрэатыпнаму ўспрыманню вітальнасць чэхаўскіх герояў. Яны прагнуць жыцця. Аднак «сюжэт для невялікага апавядання» — прыйшоў чалавек, пабачыў іншага чалавека і ад няма чаго рабіць знішчыў — спрацоўвае па прынцыпе даміно: адна касцяшка, якая раптоўна звалілася, цягне за сабой іншыя.

 

“Чайка” – камедыя. А дзе смяяцца? Як гарадзенскім аматарам сцэны прафесійна паглядзець прэм’еру

 

Залежнасць аднаго чалавека ад другога, якая стала акцэнтам спектакля, перадаецца і ў судакрананні «жывога» і лялечнага планаў. Часам акцёры перадаюць сваю ляльку-блізнятку ў рукі партнёру, падкрэсліваючы залежнасць героя і волю лёсу. Галоўныя героі прымушаюць гледача напружана і марна чакаць. Ад Аркадзінай (Ларыса Мікуліч) — слабіны і сапраўднасці (але ж яна ніколі не была простай жанчынай, і няма чаго спадзявацца пабачыць яе такой. Нішто не «расколе» яе перад гледачамі). Ад Траплёва (Аляксандр Рацько) — праявы ўпадніцтва. Але Траплёў у Жугжды не хваравіты, неўраўнаважаны юнак, пра якога з першай сцэны зразумела: гэты з сабой абавязкова што-небудзь зробіць — а досыць амбітны малады чалавек, які для сябе самога цалкам змяняе збег абставін. Гэта пачынаеш заўважаць з першай дзеі, з размовы Сорына і Траплёва. Дарэчы, не спяшайцеся паправіць — для рэжысёра важны менавіта такі націск у прозвішчы героя: Траплёў. «Дачны тэатр Канстанціна Траплёва» — пазначае Жугжда ў праграмцы і тут жа, у спісе дзеючых асоб, пазбаўляе герояў любых імёнаў, пакідаючы толькі пэўныя архетыповыя звесткі: актрыса, малады чалавек, яе сын, яе брат і г.д. Рэжысёр скіроўвае гледача да думкі, што яго «Чайка» — гэта гісторыя мужчыны і жанчыны, чалавека і чалавека, у якой, аднак, дэталі ўсё ж маюць значэнне.

 

Шмат якія з гэтых дэталяў, што транслююць рэжысёрскае прачытанне п’есы, асабістыя стасункі Алега Жугжды з тэкстам, увасоблены ў ляльках (сцэнаграфія Ларысы Мікінай-Прабадзяк). Так, у сцэне, дзе Аркадзіна і Трыгорын высвятляюць адносіны, лялька-белетрыст ператвараецца ў вялізную рыбіну, якая вось-вось выслізне з рук актрысы. Аркадзіна ў гэтай мізансцэне прадстаўлена «жывым планам»: жанчына што ёсць моцы трымае слізкае і гнуткае шчасце ў сваіх руках. І вядома, утрымлівае, бо вопытныя рыбакі пачынаюць і перамагаюць. Ці, напрыклад, калі ў фінале на сцэне з’яўляецца чучала чайкі, глядач пазнае ў ім аблічча Ніны, у нечым карыкатурнае. І адказ на пытанне «А ці была Ніна напраўду таленавітай актрысай, жыццё якой спляжылі?» — відавочны.

 

Няма нічога больш нязменнага, чым часовае. Ад настрою спектакля патыхае курортнай лёгкасцю — дачны тэатр сцвярджае аднасезоннасць, імгненнасць сцэн. Дзеянне разгортваецца на драўлянай кладцы над берагам возера. На галовах акцёраў — канацье, над іх галовамі — некалькі экранаў з выявай чароту, які варушыць вецер. Падаецца, што расказаная гісторыя зляціць разам з ім за шырокую ваду ды густыя туманы. Адвечная песня ветру ў чароце. Яе слухаюць жанчыны, што запісаліся на семінар «Як пазбегнуць мужчынскіх здрадаў?». Яе слухаюць мужчыны, якія шмат чаго дасягнулі, а мараць толькі пра тое, як на выхадных забыцца пра бізнес ды выцягнуць з вады некалькі вялізных рыбінаў. Яе слухаюць і спяваюць усе, хто хацеў бы разабрацца ў сваім жыцці, дзе на першы погляд нічога не адбываецца.

 

 

Ну і калі ўжо пра песні, то «Чайка» Алега Жугжды — гэта як песня Земфіры: «Хочется быть… / Чайка летит. / Чайка, лети». Яе асаблівасці — іронія і жыццесцвярджальнасць. І калі першым цяжка здзівіць, бо Чэхаў ад пачатку вызначыў жанр п’есы як камедыю, то жыццесцвярджальнасць — гэта невідавочнае, але акурат тое, што цэліць у нас сённяшніх. Веганаў і сыраедаў. Ёгаў і бегуноў. І адначасова цэліць у нас адвечных — хочацца быць кімсьці і з кімсьці. Хаця і не ва ўсіх гэта атрымліваецца.

 

Хочацца быць. Чайка, ляці. Стрэл. Заслона.