Святар памаліўся за хакейны “Нёман” перад стартам чэмпіянату

|

Айцец Павел пажадаў камандзе спартыўных дасягненняў і поспехаў. Акрамя малiтвы ён правёў з хакеiстамi агульную гутарку і асвяціў інвентар.


“Ужо на працягу чатырох гадоў я супрацоўнічаю з хакейным “Нёманам”. Мы молімся ў пачатку сезона і ў канцы. Часам яны прыходзяць да нас у храм, у гэты раз я да іх прыехаў. Звычайна ў сваёй пропаведзі я імкнуся завастрыць увагу на тое, што перамога перамогай, а спорт спортам, і галоўнае ў гэтай справе таварыства, падтрымка і ўзаемадапамога. Таксама я сказаў, што многае ў гэтым сезоне будзе залежыць і ад іх трэніровак. А мая падтрымка хакейнага “Нёмана” будзе адлюстроўваецца ў малітвах на працягу сезону”, – кажа айцец Павел.

 

Кожны раз святар бярэ запіску з гульцамі каманды і моліцца, калі бачыць, што камандзе патрэбна яго падтрымка. Айцец Павел адзначыў, што адна малітва гэта не гарантыя поспеху, але яму падабаецца падыход каманды да гэтай справы.


“Я не вялікі аматар хакею, але стараюся сачыць за нашай гарадзенскай камандай, як на “Стылi”, так і на сайце “Нёмана”. I калі бачу, што хлопцы маюць патрэбу ў маёй падтрымцы і малітвах, то абавязкова гэта раблю”.

 

Нагадаем, “Нёман” стартуе 8 верасня ў чэмпіянаце краіны матчам у Салігорску супраць мясцовага “Шахцёра”.