“Пабіліся. З кім не бывае”. У Гродне асуджаны ўпэўнены, што атрымаў 3 гады толькі за тое, што ён антыфашыст
Суд Ленінскага раёна г. Гродна разглядаў гэтую справу ў закрытым рэжыме па просьбе аднаго з пацярпелых. Хлопец выказаў занепакоенасць, што яго жыццю можа хто-небудзь ці што-небудзь пагражаць. Суддзя пагадзіўся, таму пасяджэнні амаль 1,5 месяца праходзілі без старонніх.
Гісторыя пачалася яшчэ паўтара года таму. Некалькі хлопцаў пабіліся. Удзельнікі працэсу кажуць, што бойка адбылася ў іх праз «несупадзенне поглядаў на жыццё». Падсудны Максім Ягнешка прытрымліваецца антыфашысцкіх поглядаў, а адзін з пацярпелых — былы ўдзельнік неанацысцкіх нефармальных гродзенскіх груповак. Ва ўсякім разе, так ён гаварыў на адным з судовых пасяджэнняў. Потым ён гэтую інфармацыю не пацвердзіў, а з нагоды бойкі, з-за якой разгарэўся ўвесь сыр-бор, адзначаў, што яна паўстала праз «асабістую непрыязнасць».
«…Ураджэнец і жыхар Гродна ў адзін з дзён у перыяд студзеня-лютага 2015 года паблізу крамы «Меркурый» па вуліцы Церашковай 29а, з хуліганскіх меркаванняў, груба парушаючы грамадскі парадак і выказваючы відавочную непавагу да грамадства, жадаючы праявіць сваю фізічную перавагу, здольнасць да бясчынстваў, жорсткасць і зняважыць чалавечую годнасць пацярпелага, грэбуючы агульнапрынятымі нормамі паводзінаў грамадства, у прысутнасці іншых грамадзян, падвергнуў зьбіццю пацярпелага», — паведамляюць дакументы. У ходзе следства было высветлена, што Максім нанёс не менш чым адзін удар у галаву і ў твар пацярпеламу. Аднак пасля дадзенай бойкі менавіта Максім апынуўся ў бальніцы.
— Па сутнасці — гэта мяне збілі. На выхадзе з медыцынскай установы мяне чакалі міліцыянты. Сказалі, каб я напісаў заяву, маўляў, давай гэтых фашыстаў засадзім, але я адмовіўся. Такія нязначныя сутычкі паміж удзельнікамі нефармальных аб’яднанняў у Гродне адбываюцца дастаткова часта. Можна сказаць, што гэта руцінная з’ява. Не думаў, што дадзеная бойка прывядзе да такіх наступстваў. Але, напэўна, камусьці выгадна, каб я атрымаў такі вялікі тэрмін і перастаў займацца сваёй дзейнасцю.
— З-за чаго бойка ўзнікла?
— Кампанія агрэсіўна настроеных маладых людзей прычапілася да знешняга выгляду майго сябра — у прыватнасці, ім не падабаліся яго завушніцы ў вушах. Я вырашыў заступіцца. Звычайная справа. Такія бойкі ў Гродне былі і 10, і 15 гадоў таму. Праз нейкі час я даведаюся, што на тых хлопцаў, хто нападаў, была заведзеная крымінальная справа. Быццам бы па артыкуле аб хуліганстве. Я выступаў у якасці пацярпелага. Мяне некалькі разоў выклікалі ў міліцыю і прасілі напісаць на іх заяву, але я адмаўляўся. Потым усё гэта скончылася. Праз паўгода крымінальную справу спынілі. А прыкладна яшчэ праз год я даведваюся, што заведзеная новая, але ўжо на мяне. Гэта значыць, праз год пасля бойкі мае апаненты напісалі заяву на мяне. Нібыта я пагражаў нажом, прыстаўляў яго да горла. Аднак у мяне нажа не было. Яго так і не знайшлі.
Фота: racyja.com
— У справе няма ні зняцця пабояў, ні рэчыўных доказаў. Ёсць толькі заява пацярпелых і іх блытаныя паказанні ў судзе, — кажа адвакат Максіма.
Артыкул, паводле якога абвінавачвалі хлопца, — больш суровы, чым простае хуліганства — арт. 186 «Пагроза забойствам, прычыненнем цяжкіх цялесных пашкоджанняў або знішчэннем маёмасці агульнанебяспечным спосабам, калі меліся падставы баяцца яе ажыццяўлення».
— Потым да гэтага абвінавачвання дадалося яшчэ адно — аб крадзяжы.
— А гэта што за гісторыя?
— Па словах следчага, я з яшчэ двума нявысветленымі людзьмі зняў з галавы пацярпелага вязаную шапку з надпісам «Wild Group» коштам у 50 тысяч недамінаваных рублёў. Аднак мяне тады не было нават побач.
У справе фігуруе і другая бойка, дакладней — нават не бойка, а псіхалагічны гвалт. Так, у красавіку 2015 Максім, па словах следчага, быў заўважаны яшчэ ў адной бойцы, падчас якой ён паваліў на зямлю другога пацярпелага, які праходзіць па справе, узяў яго за шыю і «з мэтай запалохвання дастаў з кішэні адзення нож, які выкарыстоўваўся ў якасці прылады злачынства, агаліў лязо нажа і прыставіў да шыі».
— Але нажа ніякага не было, — разводзіць рукамі Максім.
Суд разглядаў справу па сутнасці. Увага на прыналежнасць да розных нефармальных груповак не звярталася. Аднак у ходзе пасяджэнняў, па словах удзельнікаў працэсу, як пацярпелых, так і падсуднага, пра гэта гаварылася не раз. А сам Максім упэўнены, што такі строгі прысуд і тое, што справа разглядалася ў закрытым рэжыме, менавіта з-за таго, што ён належыць да антыфашысцкага руху і займаецца досыць актыўнай дзейнасцю ў гэтым кірунку.
Пасля суда пацярпелыя таксама былі разгубленыя і казалі, што прасілі суддзю пра не вельмі строгае пакаранне.
— Я прэтэнзій да Максіма не маю. Прысуд абскарджваць не буду. Ды і наогул, прасіў суд строга не караць яго. Даўно ж гэта было, — кажа Андрэй.
— Я таксама здзіўлены такому прысуду. Ну, пабіліся — пацаны ж, з кім не бывае, — кажа бацька другога пацярпелага.
Па словах Максіма, пацярпелыя падчас слуханняў сталі адмаўляцца ад сваіх першапачатковых слоў, а з нагоды сваіх заяў, якія яны напісалі амаль праз паўтары гады пасля здарэнняў, сказалі, што «іх папрасілі ў міліцыі».
Апошняе пасяджэнне па дадзенай справе праходзіла ў адкрытым рэжыме — зачытвалася толькі рэзалютыўная часта прысуду. Падтрымаць Максіма прыйшлі яго сябры.
Вынік — тры гады «хіміі».
З такім рашэннем суда Максім не згодны і будзе яго абскарджваць.