Занадта блізка да мяжы: галасы знікнулых вёсак, дзе сёння блукаюць толькі нелегалы

700 метраў пустэчы

 

Калі глянуць на сучасную беларуска-польску мяжу з космаса пры дапамозе сервіса Google Maps, дык адразу кінецца ў вочы пэўная неадпаведнасць. З польскага боку гаспадаркі і нават хаты мясцовых фермераў знаходзяцца літаральна ў дваццаці метрах ад калючага дроту і пагранічных слупоў, а з беларускага боку ідзе кантрольна-следавая паласа, далей метраў 700 лесу і толькі далей дрот, дарога, па якой ездзяць пагранічнікі, і чарговая кантрольна-следавая паласа.

 

Вось на гэтых сяміста метрах звычайнаму чалавеку быць ужо катэгарычна забаронена. Усё гэта наступствы магутнага адмежавання СССР ад сваіх нават сацыялістычных суседзяў, і вельмі карысная цяпер штука для Еўрапейскага Саюза, бо беларусы адлоўліваюць нелегальных мігрантаў, за што еўрапейцы добра фінансуюць усялякія беларускія пагранічныя праекты і будоўлі.

 

Зразумела, што прайшла гэтая мяжа летам 1944 года не толькі праз палі ды лясы, але і праз вёскі ды чалавечыя душы.

 

Беласток – кампенсацыя за Вільню, Гродна і Львоў

 

Рашэнне аб тым, каб вярнуць Польшчы кавалачак земляў, далучаных да БССР восенню 1939 г. было прынята Іосіфам Сталінам пасля Тэгеранскай канферэнцыі 1943 г. Амерыканцы ды брытанцы паказалі савецкай дэлегацыі карты з намаляванай лініяй Керзона 1919 г., якая вельмі моцна адрознівалася ад заходняй мяжы БССР 1939 г.

 

Тады паўстаў так званы Беластоцкі выступ і ў БССР аказаліся некалькі соцен тысяч этнічных палякаў, якія жылі на захад ад Беластока. Таму ўжо пад час перамоваў паміж савецкім урадам ды польскім камітэтам нацыянальнага вызвалення 24-26 ліпеня вырашана было кампенсаваць Польшчы страту Вільні, Гродна ды Львова вяртаннем Беластока як важнага чыгуначнага вузла.

 

Палякі таксама вылучалі на пярэдні план пытанне аб перадачы Польшчы Белавежскай пушчы. “Пушча ёсць нашым Нацыянальным паркам, гістарычным месцам партызанскіх бітваў з царызмам у паўстаннях за незалежнасць Польшчы. Па-за тым Польшча мае вынішчаныя немцамі лясы, а таксама пушча з’яўляецца нашай сыравіннай базай для драўлянай вытворчасці Гайнаўкі”, – даводзіў Іосіфу Сталіну кіраўнік польскай дэлегацыі Эдвард Асубка-Мараўскі, абгрунтоўваючы неабходнасць перадачы польскай дзяржаве пушчы.

 

Пасля настойлівых просьбаў сяброў польскай дэлегацыі Сталін згадзіўся перадаць Польшчы частку Белавежскай пушчы разам з Белавежай. 27 ліпеня Вячаслаў Молатаў і Эдвард Асубка-Мараўскі падпісалі пагадненне аб савецка-польскай мяжы. У яе аснову была пакладзеная лінія Керзона з адступленнямі на карысць Польшчы Беластоцкай вобласці і часткі Белавежскай пушчы.


Абы не аддаць Нёман палякам

 

Этнічны прызнак, канешне, ніхто не ўлічваў і ва ўрада БССР дазволу на такое адразанне цэлай вобласці ніхто не пытаў. Разам з этнічна польскімі Ломжай, Астраленкай ды ўласна Беластокам да Польшчы адыйшлі амаль суцэльна беларускія Гайнаўка ды Белавежа, значныя абшары на ўсход ад Беластока.

 

Даведаўшыся пра гэта будучы беларускі пісьменнік Аляксей Карпюк, які тады быў камандзірам партызанскага атрада імя Кастуся Каліноўскага, напісаў у сваім дзённіку: “Даведаліся, што нашая вёска адыходзіць да Польшчы. Крыўдна. Няўжо ўсё так і застанецца”.

 

У сваю чаргу на беларускім баку засталіся вёскі, дзе насельніцтва лічыла сябе польскім, напрыклад ваколіцы Сапоцкіна. Тут, мабыць, ключавую ролю адыграла нежаданне даць польскаму боку выхад да Нёмана. Рака цалкам застался ў СССР.


Нельга трымаць галубоў і перасоўвацца ноччу

 

Мяжа спачатку ўяўляла сабой дзве прагараныя па полі паласы. Фармальна ў сямікіламетровай зоне ўздоўж мяжы маглі знаходзіцца толькі мясцовыя жахары, там нельга было трымаць галубоў, прасоўвацца ноччу і заўжды трэба было мець пры сабе дакументы – пашпарт і спецыяльны дазвол.

 

Пераход граніцы лічыўся грубым парушэннем, за яго маглі арыштаваць. Паўсюль паўсталі пагранічныя заставы да пасты. На заставах жыло 30-40 пагранічнікаў, а на пастах 5-7 чалавек. Фармальна ў гэтую зону ўвайшоў і Гродна. Нельга было пераплываць ноччу Нёман. Пабачыўшы на рацэ лодку, пагранічнікі мелі права адкрываць агонь.


Беларускія Беласток і Калінінград былі б геапалітычным кашмарам

 

Канчатковае прызнанне лініі Керзана ў якасці савецка-польскай мяжы на міжнародным узроўні адбылося на Крымскай канферэнцыі 4-11 лютага 1945 года. Сталін, Рузвельт і Чэрчыль дамовіліся, што ўсходняя мяжа Польшчы пройдзе ўздоўж лініі Керзона з адступленнямі ад яе ў некаторых раёнах на карысць Польшчы на 5-8 км. У выніку Польшча вярнула сабе тэрыторыі, якія складалі прыкладна ½ частку такой краіны, як Бельгія.

 

Многія беларускія гісторыкі ды публіцысты неаднаразова пісалі, што каб Сталін пакінуў Беларусі Беласточчыну ды яшчэ аддаў БССР Калінінградскую вобласць, то Беларусь цяпер была бы ледзь не імперыяй з выхадам да мора. На нашу думку, тое было б проста геапалітычным кашмарам для сучаснай Беларусі, паколькі ўласна і Расіі Калінінград патрэбен сёння выключна як вайсковы плацдарм, а ўсё насельніцтва на захад ад Беластока калі і разбаўлялася этнічным усходнеславянскім насельніцтвам, дык хіба ў якім 16 стагоддзі.

 

Мець у сваім складзе тэрыторыю, на якую раней ці пазней прад’явіць прэтэнзіі Нямеччына і тэрыторыю, дзе канцэнтравана жывуць паўмільёна прадстаўнікоў іншай нацыі – такога і ворагу не пажадаеш.


Беларусы не хацелі выязджаць з Польшчы, палякі масава запісваліся на выезд з БССР

 

Але найперш пацярпелі звчайныя людзі. Савецкі ўрад пачаў высяляць усе вёскі, якія знаходзіліся ў 800-метровай зоне ад мяжы. Там ніхто не павінен быў жыць, там павінна была быць пустэча. Савецка-польская камісія па вызначэнні мяжы, якая працавала ў 1946 г., старался абыходзіць населеныя пункты, пры чым адступленні рабіліся на карысць Польшчы. Заходнім суседзям накінулі яшчэ 27 вёсак, дзе жылі больш за 1300 сем’яў.

 

Рэштай насельніцтва вырашылі мяняцца. Беларусы не асабліва хацелі выязджаць з Польшчы, палякі ў сваю чаргу масава запісваліся на выезд з БССР. Пачаліся і праблемы з высяленнем з 800-метровай зоны. Улады раёнаў павінны былі забяспечыць перасяленцаў хатамі ды агародамі, але тыя нічога гэтага не мелі, у выніку ўлады паспрабавалі арганізаваць вываз людзей у апустошаную ад немцаў Калінінградскую вобласць ды на Урал.

 

У вёсках Баброўнікі ды Коматаўцы ў маі 1948 года народ узбунтаваўся і не ўпусціў у вёску машыны для вывазу свайго майна. Цалкам удалося высяліць толькі праваслаўную вёску Юраўляны.


Польшчы – 30 вёсак, БССР – 12 вёсак і 4 хутары

 

Толькі 8 ліпеня 1950 г. перасоўванні польска-беларускай мяжы скончыліся. Савет Міністраў БССР выдаў пастанову паводле якой зацвярджаў перадачу Польшчы 30 населеных пунктаў Гарадзенскай вобласці: вёскі Багатыры Лясныя, Воўкуш, Ліпчаны, Рыгалаўка, Далічаны, Ракавічы і хутары Ліхасельцы, Салаеўшчына, Бортнікі, Маркаўцы (Сапоцкінскага раёна), вёскі Хварасцяны, Навадзель, Толчы, Шымакі, Клімаўка, Мінкаўцы і Новікі (Гродзенскага раёна), а таксама вёскі Баброўнікі, Ярылаўка, Коматаўцы, Рудакі, Ласіняны, Вялікія і Малыя Азяраны, Ямашы, Лапічы, Юраўляны, Грыбаўшчына, Уснар Горны (Бераставіцкага раёна) і вёска Малая Ялоўка (Свіслацкага раёна).

 

Да БССР адыходзілі 12 вёсак і 4 хутары з тэрыторыі Польшчы. У Высокаўскі раён Брэсцкай вобласці ўключаліся вёскі Вулька, Токары, Пясчанка, Воўкаставец, Бабінка, Казімірава, Мартынюкі, Церахі, Хлявішча, Далбізна, Апака Малая, Альбус і хутары Габрыель, Лумянкі і Тоўшча; хутар Пастуховыя Балоты (Дзікі) уключаўся ў Камянецкі раён. Дубніца Крупеўская, Дубніца Малая і Бяляны засталіся на Беларусі. Некаторыя вёскі у выніку перанясення мяжы ўсё ж атрымаліся парэзанымі напалам. Людзі з такіх вёсак яшчэ шмат гадоў карысталіся спрошчанымі варыянтамі пераходу мяжы, хадзілі адзін да аднаго ў госці, завітвалі на вяселлі…


Паміж Брузгамі і Кузніцай была яшчэ вёска

 

Вялікая праблема паўстала таксама з могілкамі. Напрыклад жыхары вёскі Бяляны адносіліся да касцёла ў Рыгалаўцы дзе і хавалі сваіх памерлых. Рыгалаўка стала польскай пасля чаго вяскоўцы некаторы час хавалі сваіх памерлых на вайсковых могілках нямецкіх салдат, што загінулі пры штурме форма №4 Гродзенскай крэпасці летам 1915 года.

 

Некалі ў Тадоркаўцах быў нават прыпынак прыгарадных цягнікоў, даехаць да станцыі Ласосна каштавала 40 грошай

 

 

Некаторыя вёскі зніклі без следу. Напрыклад, такі лёс напаткаў вёску Тадоркаўцы, што знаходзілася на беразе Ласасянкі паміж беларускімі Брузгамі ды польскай Кузніцай. Вёску дашчэнту зруйнавалі, а яе жыхароў перасялілі ў Брузгі, даўшы мізэрныя надзелы ў 3 соткі для пабудовы для сябе дамоў. Цяпер на месцы гэтай вёскі, таксама як і многіх іншых, расце лес ды час ад часу спрабуюць прайсці праз мяжу грамадзяне В’етнама ды Пакістана.

 

Пры напісанні артыкула выкарыстаны матэрыялы даследаванняў і артыкулы Алесі Сідлярэвіч