Не машынкі, а сур’ёзны спорт. Як у Гродне развіваюць трасавы мадэлізм

|

У Гродне такое хобі можна падзяліць на дзіцячую творчасць і дарослы спорт. Для дзяцей гэта карысна, бо яны вучацца працаваць з рознымі матэрыяламі, паяць, свідраваць, пілаваць.


“Гэта тэхнічны від спорту які зарадзіўся ў ЗША ў 1950-60 гады мінулага стагоддзя як хобі. Хутка ён стаў папулярным ва ўсім свеце. У СССР трасавы мадэлізм першым з’явіўся ў Прыбалтыцы, адтуль распаўсюдзіўся па ўсім саюзе. У часы СССР менавіта прыбалты былі лідарамі ў гэтым відзе спорту”, – распавядае Віталь Маркушэўскі, чэмпіён Беларусі па трасавым мадэлізме.

 

 

На працягу некалькіх месяцаў дзеці, і напрацягу некалькіх дзён дарослыя, збіраюць мадэлі гоначных аўтамабіляў у маштабе 1/32 і 1/24. Пасля ўсіх этапаў зборкі свае мадэлі ўдзельнікі запускаюць па спецыяльнай трасе, якая мае ад 4 да 8 дарожак. Кожная дарожка падключана да блока сілкавання, у сярэднім гэта 12 вольт. Мадэль кіруецца адмысловым пультам.

 

 

 

На спаборніцтвах кожны ўдзельнік праязджае па кожнай з дарожак, а перамагае той, хто праедзе больш за ўсё кругоў за гонку. У самых хуткіх класах хуткасці могуць даходзіць да 100 км/г.

 

 

Віталь не толькі прафесіянал у гэтым спорце, але і настаўнік для многіх гарадзенскіх хлапчукоў.


“У нас дзеці робяць пачатковыя мадэлі для агульнага развіцця. Калі дзіця застаецца ў нашым клубе і яму гэта цікава, і да таго ж ён нядрэнна ездзіць, то ідзе размова аб куплі больш-менш сур’ёзнай мадэлі, з якой ён зможа ўдзельнічаць у спаборніцтвах. Калі раней трэба было ўсё рабіць сваімі рукамі, то цяпер для трасавага мадэлізму працуе цэлая індустрыя. Усё на сур’ёзным узроўні. Напрыклад, дэталі з розных палімераў, розныя тыпы гумы на колы, маторы спецыяльна для гэтага спорту. Усё стала як у сапраўдных аўтагонках”.


 

 

Рэкламы клуб мадэлізму у горадзе не мае. Дзеці пераважна прыходзяць, пачуўшы расказы іншых.

 

Некалькі разоў на год гарадзенцы ездзяць на гонкі ў Мінск і Салігорск. Гэта два гарады, дзе яшчэ існуюць гурткі. У іншых гарадах Беларусі альбо ўсё заглохла, альбо знаходзіцца ў вельмі жаласлівым стане.


“Рэспубліканскі ўзровень гэта адно, міжнародны – зусім іншае. Вельмі высокі ўзровень спартсменаў у Прыбалтыцы, Расiя і Украіна таксама не адстаюць. У 2013 годзе чэмпіянат свету быў у Кіеве, а ў 2014 – у Рызе. Я для сябе зрабіў простую выснову: хочаш быць моцным – трэба ганяцца з моцнымі.

 

Для мяне трасавы мадэлiзм, гэта ўжо больш чым проста хобі. За доўгія гады, дзякуючы спорту, з’явілася шмат добрых сяброў у замежжы. Любыя міжнародныя спаборніцтвы гэта не толькі ўласна гонка, але і невымоўная атмасфера зносін. Там узровень спартсменаў залежыць наўпрост ад колькасці гонак. Больш ездзіш – больш вопыту атрымліваеш. На жаль, у нашай краіне гонак вельмі мала”.


 

Гарадзенскі клуб можа ўдзельнічаць толькі ў трох рэспубліканскіх спаборніцтвах у год: чэмпіянат Беларусі, чэмпіянат Мінскай вобласці і чэмпіянат Гродзенскай вобласці. Каб спаборнічаць на міжнародным узроўні гэтага мала. Да прыкладу, у Піцеры ёсць дзевяць вялікіх спартыўных трас, два разы на месяц абавязкова праходзіць гонка.

 

Але нават у Беларусі Гродна адстае ад таго ж Салігорска, дзе за гэтым спортам пільна сочаць мясцовыя ўлады і надаюць яму вялікую ўвагу. На рэспубліканскія спаборніцтвы гэты горад возіць не па пяць спартсменаў, а па 15.


“Кожны можа па свойму разумець і тлумачыць, чаму ў нас не так. Я бачу праблему ў многім. Пачнем з самага простага – фінансавання. Дзяцей мы возім за свае грошы, а пасля паездкі, праз нейкі час, нам вяртаюць затрачаныя сродкі. Нібыта ўсё гонкі ёсць у афіцыйным календары па лініі ДОСААФ, да якога мы адносімся, але маем што маем. Атрымліваецца парадокс: мы ездзім, заваёўваем прызавыя месцы, усе задаволеныя і мы малайцы, вось толькі грошай няма”.

 

Нягледзячы на праблемы, у гарадзенскім клубе стараюцца не сумаваць. Галоўнае, што не ўзнікае праблем з наборам. Па-ранейшаму ў Гродне хапае дзяцей, якім цікавы трасавы мадэлізм.