Лятаюць амаль каля Бога і моляцца на крылаты крыж: жыццё кадэтаў Ваенна-паветранай акадэміі ЗША вачыма старонняга наведвальніка

|

 

“Зброя, наркотыкі, выбуховыя рэчывы ёсць?” – у наш аўтобус, што спыняецца на КПП пры ўездзе на службовую тэрыторыю, залятае ў адзін крок дзяжурны кадэт. Усмешка – на паўтвару, вочы – за цёмнымі акулярамі. Група выбухнула ў адказ смехам – хлопец ахвотна падхапіў агульны настрой – зарагатаў разам з усімі. Адзначыў пропуск, выскачыў з аўтобуса, махнуўшы на развітанне рукою. Зараз наперадзе ўжо не просто чарговае плато Cкалістых Гор, а база Акадэміі ваенна-паветраных сіл ЗША.

 

 

Гэта навучальная установа была створана 1 красавіка 1954 года і першапачаткова размяшчалася ў Лоўры (Lawrie), але праз некалькі гадоў была перанесена ў Каларада-Спрынг. Першы выпуск на новым месцы адбыўся ў 1959. Кадэтам акадэміі можа стаць грамадзянін ці грамадзянка ЗША ва ўзросце ад 17 да 22 гадоў. Дзяўчат сталі браць ў акадэмію з 1976 года. Большасць выпускнікоў, каля 60%, стануць пілотамі, астатнія будуць заангажаваныя ў тэхнічным абслугоўванні палётаў.

 

“Мы не будзем ілгаць, красці і махляваць. А таксама не пацерпім, каб гэта рабіў нешта другі сярод нас” – надпіс у холе Цэнтра наведвальнікаў акадэміі

 

Пры акадэміі існуюць курсы па падрыўтоўцы для паступлення. Яны доўжацца год і складаюцца з заняткаў па англійскай мове, матэматыцы, фізіцы, ваеннай і фізічнай падрыхтоўцы.

 

Навучанне ў акадэміі цалкам аплочвае ўрад ЗША. Таму пры паступленні кадэты падпісваюць кантракт, што абавязвае іх адслужыць пэўны час у ВПС.

 

 

Пасля прыняцца прысягі навабранцы маюць шасцітыднёвы курс пачатковай ваеннай падрыхтоўкі ў палявых умовах. Тут яны практыкуюць страявыя прыёмы, вучацца насіць форму і ўпраўляцца са зброяй. У гэты перыяд кожны з іх здзяйсняе першы азнаямляльны палёт на рэактыўным самалёце. Заняткі з навабранцамі праводзяць кадэты выпускнога курса.

 

Кадэты ўсіх курсаў арганізацыйна аб’яднаны ў “крылы”. Кожнае крыло складаецца з чатырох груп, а група – з дзесяці эскадрыльяў. Фарміраванне груп ідзе згодна з абранай вайсковай спецыялізацыяй.

 

Архітэктура комплекса навучальнай установы спраектавана фірмай Skidmore Owings and Merrill of Chicago ў мадэрністскім “інтэрнацыянальным стылі”. Будаўнічыя канструкцыі маюць шмат элементаў са шкла і алюмінія.  Нагодаю для выбару стала тое, што большасць паветраных судоў таксама будуецца з гэтых матэрыялаў.

 

 

Будынак, што шэрагам вострых трохкутнікаў рэжа неба, адразу прыцягвае да сябе ўвагу. Гэта – храм, куды будучыя лётчыкі прыходзяць маліцца, кожны свайму Богу.

 

 

Знутры ён мае падзел на асобныя залы. Найбольшыя з іх – пратэстанцкая (умяшчальнасць каля 900 месцаў) і каталіцкая (500). Ёсць таксама залы для іўдзеяў і будыстаў, у кожнай з каторых можа размясціцца каля сотні чалавек. Калі нехта з кадэтаў вызнае іншую рэлігію, то перашкаджаць спраўляць абрады не будуць: выдзеляць пакой і запросяць святара.

 

 

Унутранае ўбранства найбуйнейшай, пратэстанцкай часткі храма, міжволі наводзіць на думкі, што ў лётчыкаў ёсць сваё неба, і свой адмысловы, ваенна-паветраны бог. Нават крыж нагадвае самалёт.

 

А так выглядае каталіцкі храм

 

Звонку ля храма – мемарыяльная дошка з імёнамі тых выпускнікоў, што загінулі на службе.

 

 

Апроч наведвання храмаў і Цэнтра для візіцёраў, галоўнай атракцыяй для наведвальнікаў Акадэміі ваеннна-паветраных сілаў з’яўляецца магчымасць паназіраць за пастраеннем  кадэтаў і вынасам сцяга.

 

 

Акадэмія ў поўным складзе, больш за 4500 чалавекі, маршыруе на плацу – ваенна паветраныя сілы Амерыкі “распраўляюць крылы”.

 

 

Фота аўтаркі