“Лепш прадухіліць на ранняй стадыі”. Гарадзенцам нагадалі пра прафілактыку анкалогіі
Арганізатары акцыі – Гродзенскі дзіцячы хоспіс і шэраг медыцынскіх ўстаноў горада.
На Савецкай плошчы валанцёры запалілі больш за 400 свечак, якія сімвалізуюць ружовую стужку – сімвал барацьбы з ракам малочнай залозы. Таксама на Палацы тэкстыльшчыкаў на працягу месяца будзе вісець велізарная ружовая стужка – яна нагадае гарадзенцам аб барацьбе з небяспечнай хваробай.
“Дзіцячы хоспіс, 2-я дзіцячая паліклініка, гарадская клінічная бальніца №3 і анкалагічны дыспансер абласной бальніцы ў гэтым годзе аб’ядналі свае намаганні, каб прыцягнуць увагу грамадства да таго, што рак малочнай залозы гэта хвароба, ад якой памірае больш за ўсё жанчын. Мы хочам зрабіць пасыл ў грамадства, што раней было мала даступных метадаў дыягностыкі анкалогіі малочнай залозы на ранніх этапах, сёння ж іх вельмі шмат. Анкалогію лягчэй прадухіліць, лягчэй выявіць на першай і другой стадыі, чым на апошніх стадыях лячыць”, – распавяла дырэктар дзіцячага госпісу Вольга Шульга.
Дзень пасля акцыі, 1 кастрычніка, на вулiцы Замкавай, 13 гарадзенкі маглі прайсці бясплатнае абследаванне ды пракансультавацца з лепшымі лекарамі ў гэтай галіне.
Рак малочнай залозы – найбольш распаўсюджаная форма рака сярод жанчын ва ўзросце ад 13-ці да 90 гадоў. Акрамя таго, гэта захворванне займае другое месца па колькасці смерцяў жанчын ад раку.
Штогод у Беларусі ракам малочнай залозы захворвае каля 4 тысяч жанчын. Самая ўразлівая група – жанчыны ва ўзросце 50-69 гадоў. Ва ўзроставай групе 40-50 гадоў рызыка захварэць ракам грудзей мае адна з 40 жанчын, ва ўзросце 75 гадоў – адна з 25.
Па статыстыцы брытанскіх навукоўцаў да 2020 года кожны чацвёрты чалавек на Зямлі будзе хварэць ракам нейкай сістэмы.