Чым Гродна горшы за Мінск? Студэнт ГрДУ прапануе павесіць шыльды са старымі назвамі вуліц

|

Аляксандр – актыўны ўдзельнік праекта “Жывая гісторыя”. Ён вядомы ў горадзе як стваральнік цікавых і незвычайных праектаў звязаных з гісторыяй Гродна.


“Ідэя не новая, але вельмі актуальная сёння. Гарадзенцам варта звярнуць увагу на іншыя гарады, дзе па ініцыятыве мясцовых уладаў і гараджан ужо прадублявалі назвы вуліц.


Гэта зробіць прагулкі па вуліцах гістарычнага цэнтра яшчэ больш цікавымі, бо старыя назвы могуць расказаць нямала – напрыклад, хто жыў на гэтай вуліцы, куды яна вяла, што было побач. Гараджане адкрыюць для сябе шмат новага, тым больш цікава будзе турыстам”, – сказаў студэнт.

 

У Міры ўсталёўваюць шыльды з гістарычнымі назвамі вуліц

 

У Гродне падпісваць вуліцы старымі назвамі прапаноўвалі ўжо даўно. Яшчэ ў 2010 годзе гісторыкі Андрэй Вашкевіч і Наталля Сліж агучвалі такую ідэю, але тады гарадскія ўлады на гэта нават не звярнулі ўвагі. Краязнаўца Віктар Саяпін таксама не раз прапаноўваў гэта, але выніку не было.


“Гэта пытанне я ўпершыню ўздымаў некалькі гадоў таму. Такая традыцыя пачалася з раённых цэнтраў, затым падобныя шыльды з’явіліся на пешаходнай вуліцы Магілёва. Калі ў Гродне абвешчаны мараторый на перайменаванні, то гэта самы рэальны спосаб вярнуць згубленую памяць. І зрабіць гэта трэба не толькі для турыстаў, у першую чаргу – для гарадзенцаў. Бо многія гараджане не ведаюць гісторыі вуліц, на якіх жывуць і ходзяць кожны дзень. А горад з шматвяковай гісторыяй павінен яе беражліва захоўваць”, – сказаў краязнаўца.

 

У Мінску дубляванне вуліц пачалося са збору подпісаў. У 2015 годзе актывісты грамадскага аб’яднання “Альтэрнатыва” сабралі некалькі тысяч подпісаў пад зваротам да сталічных уладаў і Міністэрства культуры з прапановай размясціць на 16 вуліцах, 2 праспектах і 2 плошчах у цэнтры горада Мінска дублюючыя таблічкі з указаннямі іх ранейшых назваў. Чыноўнікі ідэю падтрымалі і паабяцалі да канца 2016 года ўвасобіць яе ў жыццё.

 

Фота: Аляксандра Перагудава