“Твой стыль” закрываецца. Цяпер мы – Hrodna.life!

|

Мы змянілі назву, дызайн, CMS, хостынг – наогул усё, акрамя галоўнага. Мы будзем працягваць рабіць для вас лепшы гродзенскі гарадскі сайт. Мы будзем далей расказваць пра гродзенцаў для гродзенцаў ды трымаць руку на пульсе гарадскога жыцця. Усё ж, мы цяпер hrodna.life – нават назва абавязвае.

 

Думка правесці глабальны рэбрэндынг з’явілася, не паверыце, яшчэ ў 2012 годзе. Але вырашыліся на гэта толькі летась, калі стала зразумела, што з “Твайго стылю” мы ўсе ўжо паспелі вырасці. Выданне даўно перастала быць платформай для практыкі маладых журналістаў, а стала паўнавартасным прафесійным СМІ. І для гэтай новай якасці патрэбна было новае імя. Гэта імя – Hrodna.life.

 

Пад брэндам “Твой стыль” мы дасягнулі максімуму – сталі цалкам прафесійным мясцовым СМІ, які многія гарадскія тэмы падымаў першым або распрацоўваў найбольш глыбока. Мы сталі крыніцай інфармацыі не толькі для гродзенцаў, але і для многіх галоўных інтэрнэт-медыяў краіны.

 

Мы былі на месцы, калі адкрываліся знакавыя для горада праекты, сачылі за ўсімі сферамі гарадскога жыцця, рабілі ўнікальныя для горада мультымедыйныя матэрыялы, з намі працавалі лепшыя аўтары і фатографы Гродна. І мы былі вельмі дэмакратычныя – гутарылі і з бамжамі, і з чыноўнікамі, і з дыпламатамі звышдзяржаў.

 

На Hrodna.life будзе яшчэ круцей.

 

Мы гатовы да ўзаемадзеяння з усімі, хто рупіцца пра Гродна, і хоча зрабіць гродзенскае жыццё больш яркім, зручным і цікавым. Па пытаннях супрацоўніцтва, размяшчэння рэкламы ды іншых пішыце на [email protected].