Электронная педагогіка. Першыя крокі

|

Адказаў варта шукаць, у першую чаргу, у сферы вышэйшай адукацыі.

 

На працягу трох кастрычніцкіх дзён з выкладчыкамі і студэнтамі ГрДзУ імя Янкі Купалы дзяліўся досведам стварэння электроннай базы для дыстанцыйнага навучання прарэктар па дыстанцыйнай адукацыі і інавацыйным тэхналогіям навучання Украінскага Нацыянальнага педагагічнага ўніверсітэту (НПУ) імя М.П. Драгаманава Анатоль Пятровіч Кудзін.

 

У НПУ створаны тысячы электронных кніг лабарантамі мноства кафедраў. Папярэдне было праведзена масавае навучанне выкладчыкаў і лабарантаў свабоднаму карыстанню кампутарам, працы з інтэрнэтам, сканэрам і рознымі праграмамі. Цяпер адукацыйны партал на сайце ўніверсітэту працуе напоўніцу. Калегам з Гродна было чаму павучыцца. У нашым горадзе электронная дыстанцыйная адукацыя знаходзіцца пакуль у зародкавым стане. У прыватнасці, студэнты ГрДзУ імя Янкі Купалы могуць толькі прачытаць лекцы ў электронным выглядзе: тэкст плюс фотавыява. І не больш.

 

У ідэале электронны падручнік або кніга – гэта не проста тэкст, гэта яшчэ і мноства фотаздымкаў або малюнкаў выдатнай якасці. Гэта – відэаролікі, якія, напрыклад, могуць праілюстраваць хімічную рэакцыю або лабараторны досвед па механіцы. Гэта – трохмерныя дэманстрацыі, якія немагчыма правесці ў лабараторных умовах. Такія падручнікі павінны суправаджацца тэстамі для самастойнай праверкі студэнтам узроўню ведаў і ступені засваення матэрыялу.

 

Электронная педагогіка паляпшае жыццё студэнтаў, у першую чаргу – непаспяваючых. Сітуацый можа быць шмат: хвароба, дрэннае самаадчуванне, дэпрэсія, экскурсія, адпачынак у санаторыі, алімпіяда, канферэнцыя. Па гэтых прычынах студэнт прапускае лекцыйныя заняткі, але ён можа ў любы час зайсці на адукацыйны партал свайго ўніверсітэту і не толькі вывучыць неабходны матэрыял, але і адправіць выкладчыку вынікі сваёй працы і атрымаць за іх адзнаку.

 

Асабліва актуальным дыстанцыйнае навучанне становіцца для студэнта-завочніка. Здараецца і так, што студэнты, асабліва першакурснікі, не паспяваюць усё запісваць за выкладчыкам, або некаторыя месцы ў лекцыі ім незразумелыя і іх трэба праслухаць яшчэ раз, або два. Выкладчык не зможа за адну пару адказаць на ўсе пытанні, а вось відэалекцыю можна ў любы час спыніць і нават «папытаць выкладчыка» паўтарыць нейкі сказ хоць дваццаць разоў запар.

 

Самі ж выкладчыкі могуць спакойна сыходзіць у адпачынак, толькі сказаўшы, якія спасылкі падчас яго адсутнасці трэба будзе адкрыць студэнтам. Таксама ім можна падаць якія заўгодна аб’ёмы дадатковага матэрыялу для самастойнага навучання.

 

Падобная інавацыя разам з пазітывам можа справакацаваць і сур’ёзныя праблемы. Ад чаго і засцярог Анатоль Пятровіч Кудзін… Па-першае, ці змогуць студэнты самі прымусіць сябе вывучыць матэрыял у неабходным аб’ёме, і наколькі якасна яны гэта будуць рабіць? Асабліва, калі гэта – неадказныя студэнты. Па-другое, сканаванне кнігі без дазволу яе стваральніка і агульны доступ да падручніка праз сеткі масавай камунікацыі – парушэнне аўтарскіх праў. Па-трэцяе, студэнты могуць вырашыць наогул не хадзіць ва ўніверсітэт, а атрымліваць веды толькі лежучы на канапе за кампутарам. У такім разе, мы рызыкуем атрымаць «атавізмаванае» грамадства. Людзі адвучацца мець зносіны адзін з адным, стануць замкнёнымі, ім будзе вельмі цяжка ствараць сем’і .

 

Але ва ўсіх вялікіх справах не бываюць адныя толькі выгоды. Заўсёды знойдуцца аргументы «за» і «супраць», будуць прыхільнікі дыстанцыйнага навучання і супраціўнікі. Трэба проста імкнуцца знайсці тую самую запаветную залатую сярэдзіну.

 

На здымку: А.П.Кудзін, прарэктар па дыстанцыйнай адукацыі і інавацыйным тэхналогіям навучання Украінскага Нацыянальнага педагагічнага ўніверсітэту.