Не плачце, гарадзенкі!
Госці са сталічнага БНТУ былі мацнейшымі з лікам 31-27. Сухія лічбы, аднак, не ў стане перадаць віхуру эмоцый, якая панавала ў залі старэнькага спарткомплекса “Вікторыя”.
У першым тайме лепш глядзеліся гаспадыні: удалую серыю трапных кідкоў па чарзе выдалі Ганна Пагерыла, Наталля Платановіч ды Таццяна Бобрык.
Мінчанкі, аднак, не адпускалі нашу каманду больш як на 2 мячы. Асабліва нялітасцівай да гарадзенак была галоўная снайперка гасцей і зборнай Беларусі Лілія Арцюховіч.
Ужо ў першым тайме яна прымусіла ў адчаі пакінуць пляцоўку ды заліцца слязамі на лаўцы запасных асноўнага брамніка “Гараднічанкі” Валянціну Купмель (на здымку ніжэй).
>
На перапынак каманды пайшлі пры ліку 14-14.
У другой палове перавагу ў 1-2 мячы мелі ўжо госці. За пяць хвілін да канца, аднак, на табло гарэлі лічбы 26-26. На трапныя кідкі ўсё той жа Арцюховіч у гарадзенак знайшлася свая зброя ў выглядзе Ірыны Шарапаноўскай (на здымку ніжэй), якая раз за разам закідвала сяміметровыя штрафныя кідкі ў браму гасцей.
Героямі апошніх хвілін сустрэчы трэба прызнаць… арбітраў, якія некалькімі спрэчнымі свісткамі на карысць БНТУ перадвызначылі зыход сустрэчы.
Пасля фінальнага свістка каля паўсотні гарадзенскіх заўзятараў на працягу амаль як паўгадзіны зладзілі гучную абструкцыю судзейскай брыгадзе.
Дасталося і кіраўніцтву гандбольнай федэрацыі, якое прызначыла суддзямі арбітраў з Мінску, то выклікала дадатковыя падознанні ў залішніх сімпатыях да мінчанак.
Некаторыя гарадзенскія гандбалісткі пакідалі пляцоўку са слязамі на вачох.
Не плачце, гарадзенкі! За такую гульню не павінна быць сорамна! Урэшце рэшт, вам супрацьстаяла каманда, якая з’яўляецца базавай для зборнай Беларусі.
Досвед асноўных гульцоў БНТУ, “глыбіня” лаўкі рэзервовых, бюджэт каманды нашмат пераўзыходзяць адпаведныя паказчыкі ў “Гараднічанцы”.
Да таго ж сезон толькі распачынаецца і магчымасці ўзяць рэванш за крыўную паразу ў Гродне яшчэ абавязкова будуць.
На здымку зверху: трэнер “Гараднічанкі” Сяргей Камбур дае парады адной з лідэрак каманды Таццяне Бобрык.
Фота аўтара