Аляксандр Дзянісаў: «Снобы-маралізатары – самыя цынічныя людзі…»

|

Пасля свайго апошняга распаду, праз чатыры з паловай гады, гурт сабраўся ізноў…

 

– Чаму вы распаліся адразу пасля выхаду апошняга альбому «НАТЕ»?

– Існуе шмат прычын, якія сталіся штуршком – гэта і асабістыя адносіны паміж людзьмі ў калектыве, і нейкія арганізацыйныя пытанні, і непаразуменні ў пытаннях музычных. Але хацелася б адзначыць, што ніхто ні з кім у нас не лаяўся. Проста з некаторымі людзьмі перасталі камунікаваць. Ды і збіраліся мы напрыканцы толькі дзеля таго, каб скончыць альбом. Да таго ж, мы – некамерцыйны гурт, які «распадаецца», каб зрабіць скандал і потым зноў сабрацца, каб трохі зарабіць «бабла» на чарговым «адраджэнні». Мне б не хацелася нешта містыфікаваць, але я проста ведаю, што гэтыя чатыры з паловай гады мне проста былі патрэбныя, каб не займацца музыкай. За гэты час я напісаў толькі, прынамсі, дзве ці тры песні. Ну і добра…

 

– А адкуль назва «Кальян»?

– Яна не мае дачынення ні да наркотыкаў, ні да чагосьці ўсходняга. Проста мы павінны былі прымаць удзел у канцэрце, а назву гурт на той момант не меў. Была раніца, мы мусілі прыдумаць назву да абеда. У той час я перачытваў Льюіса Кэрала «Аліса ў краіне цудаў». Там быў вусень, які паліў кальян. Мне падабалася гэтае слова, і гурт займеў назву. Магчыма, зараз я не стаў бы падыходзіць да назвы так легкадумна, але сёння не хацелася б нешта змяняць.

 

– Ці паўплывала на лёс гурту перамога на Басовішчы?

– Што тычыцца творчасці – не. Калі нешта казаць пра канцэрты ў Беларусі, таксама – не. Але на той момант пачалі больш запрашаць у Польшчу. У гэтым сэнсе – паўплывала.

 

– Вы – вернік?

– Не, я – агностык. Аднолькава адмоўна стаўлюся як да рэлігійных фанатыкаў, так і да цемрашальнага атэізму. Навошта спрачацца наконт таго, што нельга даказаць? Тым больш, грызці з-за гэтага горла. Такое ж маё стаўленне і да спрэчак паміж рэлігіямі і канфесіямі наконт таго, хто бліжэй да Бога. Гэта ўсё справы людскія: барацьба за грошы, уладу, кантроль над людзьмі і г.д. Рабіце дабро людзям, дапамагайце ім тут і зараз, каб яны сталі трошкі шчаслівей ў гэтым свеце, а вось як будзе там – ніхто не ведае. Гэта зусім іншае пытанне. Вось і ўся рэлігійная квінтэсенцыя. Вынікае што, мае адносіны менавіта з інстытутам царквы значна больш складаныя.

 

– Як вы ставіцеся да папсы?

– Па-першае, я да яе ніяк не стаўлюся. Яна існуе па-за межамі майго жыцця. Па-другое, лічу змаганне з папсой – барацьбой з ветракамі ў стылі дон Кіхота. На нейкім этапе, у дзяцінстве, мы ўсе праходзім праз папсу. Калі ўзяць дзіцё і паставіць яму нейкую сур’ёзную музыку, то яно нічога не зразумее. Калі яно бачыць нейкую «ляльку», прыгожую, бліскучую, са зразумелымі тэкстамі і простай музыкай, то, вядома, яна яму падабаецца. Іншая справа, што чалавек павінен развівацца. А большасць людзей застаецца на дзіцячым узроўні ўспрымання музыкі, калі не трэба думаць, а толькі ўжываць. І ўжываць нешта вельмі простае і вульгарнае. Вось таму папса і квітнее. Што тычыцца мяне, то вельмі цяжка адказаць на пытанне, што я слухаю сёння. Вельмі разнастайную музыку.

 

– Акрамя заняткаў музыкай, вы таксама прымаеце ўдзел у «Крытычных масах».

– Так. Ровар з’яўляецца не толькі экалагічна чыстым транспартам, але і вельмі зручным, а ва ўмовах сённяшніх «коркаў» яшчэ і хуткім. Праўда, у нас існуе праблема з міліцыяй, якая зараз штрафуе направа-налева. Дарожак для ровараў няма. Па тратуарам, лічу, ездзіць проста немагчыма. Таму трэба неяк змагацца за свае правы. «Крытычная маса – адзін з магчымых спосабаў неяк дагрукацца да ўладаў. А ўвогуле, я люблю ездзіць у роваровыя падарожжы. З 2006 году з часткай маіх сяброў мы так і робім: сядаем на ровары і кацім па прасторах Беларусі. Як ёсць час і дазваляе надвор’е. І не мае значэння  – на два дні ці на два тыдні.

 

– Як вы ставіцеся да лаянак?

– А што такое «лаянка»? Проста смешна, калі пачынаеш варушыць мазгамі. Гэта проста набор звычайных гукаў і словаў. На прыкладзе дзяцей і падлеткаў можна ўбачыць тое, што сваімі забаронамі дарослыя толькі падаграюць цікавасць да забароненага. Калі я працаваў у школе, я заўсёды казаў вучням, што ў саміх матах няма нічога страшэннага. Насамрэч, некаторыя анекдоты без матаў не гучаць.

У творчасці цалкам падтрымліваю ўжыванне так званых «забароненых» словаў. Мат – частка нашага жыцця, «жывое» слова грамадства, калі хочаце. Хамства – гэта калі ў чалавека лаянка ў размове – кожнае другое слова. Адразу бачна страшэнную яго недаразвітасць. Павінна быць самапавага і самацэнзура: трэба думаць, што і дзе казаць. А вонкавая забарона нічога не вырашыць. Мой жыццёвы вопыт падказвае, што снобы-маралізатары, якія больш за другіх выступаюць за чысціню, маральнасць і ўсялякія забароны – самыя разбэшчаныя, цынічныя і закамплексаваныя людзі.


– Якія ў вас творчыя планы?

– Рыхтуем новы матэрыял з гуртом. Зараз праца трохі замарудзілася, паколькі ўзялі ў гурт другога гітарыста. Трэба спачатку «згуляцца», і цяжка казаць, колькі гэта зойме часу. Паралельна я асабіста рыхтую акустычную праграму. З канцэртамі – небагата, але будзем спадзявацца, як кажуць. Глядзіце навіны на нашым сайце: www.kalian.grodno.by

– Дзякуй за размову!

P.S. Апошні склад гурту: Дзянісаў – вакал, «Кот» Косця – гітара, Лёша – гітара, Паша – бас, «Сыр» Саня – бубны.