«Просты» нумар у складанай краіне

|

Усяго на конт было выстаўлена пяць нумароў: два «плацінавых», два «брыльянтавых» і адзін «залаты». Самым запатрабаваным аказаўся нумар +37544 7777777, за які і было выкладзена 23 мільёны. Усе сродкі, атрыманыя ад акцыі, згодна абяцанням кампаніі, павінны быць падвоены і пералічаны на кошт Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру дзіцячай анкалогіі і гематалогіі. Фінальная сума павінна быць агучана ў часе цырымоніі ўручэння сэртыфіката цэнтру, і сёння-заўтра павінна з’явіцца на сайце кампаніі.

 

Для Беларусі такія дабрачынныя аўкцыёны – з’ява адносна новая. Першая рэакцыя абывацеля на колькасць нулёў у сумме, адлічанай за «якісьці там» тэлефонны нумар – «брэд сівай кабылы», «маразм» і г.д. Нейкі «Карнілій» вельмі характэрна адкаментаваў падзею на сайце Velcom: «Гэта, пэўна, нейкія дырэктары, альбо людзі, якія грошай не лічаць, дазволіць могуць. Звычайнаму смяротнаму гэтага не трэба, калі кожны дзень думаеш як заплаціць за тое ці за гэта». Адзінае, што можа апраўдаць кампанію Velcom і тых самых «дырэктараў» у вачах «звычайных смяротных», прыдушаных крызісам і сотнямі жыццёвых праблем, гэта дабрачынны складнік аўкцыёну. Дапамагчы дзецям, якія маюць анкалагічныя захворванні – ну хто выкажацца супраць?

 

Што з гэтай акцыі атрымлівае кампанія? Грошы пойдуць на рахунак анкацэнтру, ад падаткаў у нашай дзяржаве, у адрозненне ад заходніх краін, за дабрачыннасць не вызваляюць… Застаецца – рэклама: імідж не проста пантовай паспяховай кампаніі, але яшчэ і міласэрнай. Паказная дабрачыннасць заўсёды у гісторыі служыла пэўным буферам паміж самымі заможнымі і самымі беднымі слаямі насельніцтва: ад тых самых часоў, калі пан мог па святах раскідваць жмені манет сярод прыгонных сялянаў. Буферам, які стрымліваў супярэчнасці.

 

Сёння, напрыклад, Біл Гейтс ці нейкі іншы «скрудж мак-дак» можа шмат каму непадабацца з-за свайго статусу. Але ён робіць пасыл любові: займаецца дабрачыннасцю. Так жа як прафесійны супрацоўнік сферы паслуг вымушаны адказваць усмешкай на любое запатрабаванне кліента. Тут усмешка, там усмешка, там гуманітарная дапамога і вось, «зборя пралетарыяту» выпадае з расціснутага кулака дэзарыентаванага абывацеля. Вынік: сацыяльны канфлікт згладжаны. Пад пытаннем застаецца толькі шчырасць усмешак…

 

Вяртаюся да тэмы нумароў. Адзін жыхар Кітая выклаў за нумар 135 8585 8585 прыблізна 1,1 млн. далараў: па мясцовых паданнях такое спалучэнне лічбаў гучыць як чатырохкратнае пажаданне быць заможным. У Катары нейкі дзівак заплаціў за нумар 6 666 666 ужо 2,7 млн. далараў. У нас усё нашмат больш сціпла. 23 млн. рублёў – гэта ўсяго толькі месячны заробак 46 настаўнікаў…

 

Я не ведаю, ці дапамогуць некаму гэтыя грошы, але пэўна ёсць часы, калі грамадства павінна кансалідавацца перад агульнымі праблемамі, людзі павінны дапамагаць адзін аднаму: не на паказ, але рэальна, дзейсна. А дзяцей у гэтым выпадку проста выкарысталі. Прабачце, але гэта маё меркаванне.