Тры гадзіны я «працаваў» на пасту

| Без катэгорыі

На гутарку ў маіх суразмоўцаў было не шмат часу, яны правяралі амаль кожную машыну. Справа ў тым, што ў той дзень, калі я «перашкаджаў» даішнікам, раніцай выпаў першы снег, дарогі падмарозіла – скрозь мокры снег і галалёд. Як я потым даведаўся, у Гродна была зарэгістравана 31 аварыя. Мае суразмоўцы сцвердзілі, што сітуацыя вельмі напружаная. Да таго ж, шмат аўтааматараў яшчэ не «пераабуліся» ў зімовую рэзіну.

 

…Вось на маіх вачах спынілі легкавы аўтамабіль, на якім не гараць заднія габарытныя ліхтары. Вадзіцелю прыйдзецца заплаціць пэўны штраф і, вядома, паставіць ліхтарыкі.

 

…А гэты вадзіцель на Фальсквагене не прышпіліў сябе пасам бяспекі.

 

…Яшчэ адна катэгорыя машын, якія часценька ездзяць па нашых дарогах – так званыя «таніраваныя тачкі». Як расказаў Юрый, некаторыя кіроўцы пачынаюць даказваць, што ў таніроўцы няма нічога дрэннага. Можа і няма, але закон кажа адваротнае.

 

Мяне цікавіць, як увогуле выказваюць сябе аматары парушэння хуткасці. Справа ў тым, што на «нашым» пасту машыны пачынаюць рух з перакрыжавання, на якім шмат светлафораў, таму асабліва разагнацца немагчыма. Пры гэтым я заўважыў цікавую акалічнасць – вакол маіх суразмоўцаў не было ні адзінай машыны з мігалкай. А калі парушальнікі не захочуць спыняцца? Як тады іх прыйдзецца даганяць?

 

– Наконт гэтага вы не хвалюйцеся, – смяюцца інспектары. – Калі вы не бачыце нашага «сродку перасоўвання», гэта зусім не азначае, што яго няма. Пакуль яшчэ ад нас не збег ні адзін парушальнік.

 

– А што, спрабуюць?

 

– Спрабаваць спрабуюць… Не вельмі часта, дарэчы… Але безвынікова.

 

Існуе на дарогах і такі новамодны аспект, як гендэрны. Статыстыка кажа, што жанчыны, як правіла, больш дысцыплінаваныя кіроўцы, чым «моцны» пол. Але інспектары кажуць, што і сярод дзяўчат парушальнікаў хапае. Ды агульны ўзровень ветлівасці і законапаслухмянасці ўдзельнікаў дарожнага руху с кожным годам становіцца ўсё горшым, адзначае Дзяніс.

 

Я прастаяў на марозе некалькі гадзін і вельмі змерз. Інспектары стаяць і ноччу, і днем, і ў сцюжу, і ў гарачыню. Напрыклад, мае суразмоўцы прыйшлі на работу ў сем гадзін раніцы, а ў восемь гадзін вечара, калі я стомлены адпраўляўся дамоў, яны працягвалі дзяжруства. Жадаю ім менш напружаных працоўных дзён…

Фота prosto-free