Самае цікавае адбываецца ў кулуарах

|

Ехаць на форум, шчыра кажучы, я вырашыў не адразу. Дні за два мне патэлефанавала рэдактар і прапанавала месца ў аўтобусе «ўзамен» на артыкул.

 

Шэрая сталіца. Машыны. Сталінкі. Усё, як заўсёды. Рэгістрацыя. Заходжу ў перапоўненую залю – месцаў няма. Са сцэны Вацлаў Гавал перадае відэапрывітанне беларускай грамадскасці і запрашае ў вольную Еўропу.

 

align=”left” >Праз пару хвілін тэлефануе знаёмая: «Што ты там робіш? Хадзем на каву. Я ў файе». Там сям бегаюць памаранчавыя хлопчыкі і дзяўчынкі з арганізацыі аднаго амбітнага маладога бюракрата, які летась вельмі хацеў атрымаць мільён даляраў на дзейнасць. Як заўсёды самае цікавае адбываецца ў кулуарах. Тое, пра што будуць казаць на сцэне і так усе ведаюць. Наклады «Нашай Нівы» і «Народнай Волі» з адпаведнымі рэпартажамі можна было рыхтаваць загадзя – дастаткова мець спіс выступоўцаў.

 

Складанасць прозвішчаў і адарванасць ад рэальнасці зместаў прамоваў замежных гасцей стала для мяне добрым апраўданнем, каб іх не запамінаць. З нашымі ўсё было прасцей. І складаней… Пэўна кожны антыдзяржаўны рух збірае ў сабе вельмі розных людзей: шчырых ідэалістаў і прадажных авантурнікаў, валявых асобаў і хісткіх лісліўцаў, паэтаў і бюракратаў. Дзівіць толькі, калі яны ўрачыста аб’яўляюць сябе аднадумцамі…

 

Падобныя мерапрыемствы – гэта заўсёды нагода сустрэць тлум знаёмых з усёй Беларусі. Да большасці падыходзіш з дэжурным – «Вітай! Як справы? Ну, яшчэ паразмаўляем!» – нехта ўжо цягне за рукаў. Добра, калі потым сустрэнеш адсоткаў 20 з іх.

 

Далёка не ўсе прысутныя на форуме з’яўляліся прыхільнікамі Еўразвязу. Ніхто адкрыта не выказваўся, так, час ад часу пасмейваліся, пераглядаліся. Дарэчы, у нашай краіне зусім не абавязкова, каб усе былі на адной хвалі: «Маеш сваю думку? Вельмі добра! Абы маўчаў». А ўвесь фармалізм сустрэчы абсалютна не выклікаў прыхільнасці да нейкіх крытычных выступаў, дыскусіі. Пасядзі, паеш, канцэрт на заканчэнне паслухай. Зрэшты, у кожнага свая справа: калі бізнэс – ну няхай бізнэс, у чужы манастыр, як кажуць…

 

Шмат было сказана пра гістарычную еднасць Беларусі і Еўропы, хрысціянскі падмурак сённяшняга ЕЗ. Так, мы калісьці былі разам. Але ці маюць бюракраты ад ЕЗ права на колішнюю еўрапейскую спадчыну? Ці можна атаесамляць Еўропу Шылера і Гётэ з Еўропай гей-парадаў, легальных наркотыкаў, культам спажывецтва? Пра якое хрысціянства можна казаць там, дзе зачыняюць цэрквы за адсутнасцю прыхажан, дзе міністрам па справах рэлігіі можа стаць сатаніст (як у Славеніі)?

 

Якія перспектывы для развіцця нацыі можа даць часціна свету, дзе метадычна вымірае мясцовае насельніцтва (без усялякіх чарнобыляў, заўважце)? Застаюцца эканамічная моц і ўплыў, якія даюць права вучыць нас дэмакратыі тым, чые бацькі паспелі адслужыць у СС.

Няма сэнсу хваліць Расію ці наш калгасны аўтарытарызм, але ці ёсць Захад рэальнай альтэрнатывай? Міжволі ўспамінаеш словы Нестара Іванавіча Махно: «Бей чырвоных, пакуль не пабялеюць, бей белых, пакуль не пачырванеюць!.. ».

 

Вечар. Адгрымелі прамовы. Мінулы кандыдат у прэзідэнты пад плясканне далоняў фактычна згадзіўся на «replay» у 2011 годзе… Выходзім на двор. Нарэшце глыток свежага паветра! «Ну, як вам?» – пытаю немаладога «госця», які прайшоў некалі праз «хімію». «Шчыра?» – «Ну». – «Кірмаш гэта (паўза). Але грошы будуць». І пры ўсім пры гэтым мы не маем права заставацца ўбаку. Не маем права «забіваць»… Амін.

Фота: радыё Свабода

Ад рэдакцыі: Выкладзеныя ў артыкуле думкі з’яўляюцца прыватным меркаваннем аўтара і не адлюстроўваюць пазіцыю рэдакцыі “Твайго стылю”.