Кур’ёзы тутэйшага жыцця

|

Я пачынаю любіць гэты горад, але гэтая любоў не сляпая. Доўгае назіранне за мясцовай рэчаіснасцю спрыяе таму, што я пачынаю заўважаць некаторыя гарадзенскія кур’ёзы. Самыя яркія з іх пералічу ніжэй.

>

Кінатэатр, які быццам існуе, але яго няма

Натуральна, што ў будынку, на якім напісана «Кінатэатр», павінны дэманстравацца фільмы. Але дастаткова пайсці на Савецкую вуліцу, каб даведацца, што ў кінатэатры можна пагуляць у більярд або набыць кампутар, але ніяк не паглядзець фільм. На шчасце, гэта – не норма і ёсць яшчэ ў Гродна месцы, дзе старасвецкія гледачы могуць цешыцца з кінапаказаў.

 

Гномікі, як настаўнікі польскай мовы

Многія маладыя гарадзенцы валодаюць польскай мовай. Гэта не здзіўляе, улічваючы адлегласць ад польскай мяжы. Здзіўляць можа толькі адказ на пытанне, адкуль яны ведаюць мову суседняй краіны. «Я глядзеў смэрфаў», – чую найчасцей. Няўжо гэтыя блакітныя персанажы, якіх не так даўно абвінавацілі ў гомасэксуалізме, могуць так уплываць на ўзровень ведання мовы? Спачатку я сумнявалася ў гэтым, але калі чарговы чалавек сцвердзіў, што гэта сапраўды так, я стала верыць ў педагагічныя здольнасці казачных персанажаў.

 

Непрактычныя беларусы

У эпоху эканамічнага крызісу амаль усе скардзяцца на недахоп грошай. Таму незразумела, чаму маршруткі, якія ў два разы даражэйшыя за аўтобусы, вельмі часта бітком набітыя? Няўжо гарадзенцы такія багатыя? Ці яны такія распешчаныя?

 

Пятніца, трынаццатае

Калі верыць у забабоны, у пятніцу 13-га павінна здарыцца штосьці найгоршае. І для некаторых здарылася: абвясцілі дзень цвярозасці. Мэта такога рашэння мясцовых уладаў зразумелая, але яна відавочна нездзяйсняльная. Як па мне, такая забарона прыводзіць да павелічэння ўжывання алкаголю. Дык трэба заранёў зрабіць вялікі запас спіртных напояў, каб ў такі няўдалы дзень было чым усцешыцца.

Знешнасць падманвае

Чатырохкаляровыя кантэйнеры для сарціроўкі смецця ў Швейцарскай даліне з першага погляду глядзяцца прыгожа. Калі дасканала пацікавіцца, здзіўляешся: кантэйнер мае чатыры дзіркі. Аднак адтуліна, у якую трапляе сартаванае смецце – адна, агульная. Тады якое прызначэнне гэтых спецыяльных кантэйнераў? Прасцей ды танней паставіць звычайныя…

 

Гродна здзіўляе кожны дзень. Гэта дае падставы спадзявацца, што спіс гарадскіх кур’ёзаў павялічыцца. Умова адна – застацца ў Беларусі…

 

PS. Апошнія дні паказалі, што вышэйназваныя кур’ёзы – наіўныя і нявінныя. Сапраўдным кур’ёзам аказалася немагчымасць адолець тутэйшую бюракратыю. І гэта крыўдна. Наш валанцёрскі час сканчаецца праз два тыдні. Працягу не будзе…

Фота аўтара