ІНТЭРНАТ − ВОРАГ ЦІ БРАТ?

|

Ці хто з вас бачыў студэнцкі інтэрнат пасля налічэння стыпендыі? альбо пасля дня народзін аднаго з яго жыхароў, ці нават пасля якога-небудзь свята? Відовішча вас не парадуе, у гэтым магу запэўніць. Акрамя цыгарэтных бычкоў і запляванай падлогі на кожным кроку можаш напароцца на грубасць з боку п’яных маладзёнаў. П’янства − гэта не адзіная праблема, але яна прыводзіць да зніжэння культуры, этыкету паводзін і інтэлектуальнага развіцця студэнта.

Вырваўшыся з бацькоўскага дому студэнт атрымоўвае вельмі шмат асабістай свабоды, але правільна распарадзіцца ёю ўмее далёка не кожны, таму атрымоўваецца так, што большасць студэнтаў пачынаюць маральна дэградаваць. Вельмі яскравы прыклад − першакурснікі. На пачатку навучальнага году знаёмішся з імі, размаўляеш і нарадавацца не можаш, якія яны харошыя, але праз пару месяцаў гэтыя самыя людзі ўкорань змяняюцца: пачынаюць паліць, брыдкасловіць, п’янстваваць. Некаторыя нават і не вітаюцца. У гэтым вялікая «заслуга» і іх старэйшых братоў па навуцы, каторыя падаюць не самы добры прыклад сваім пераемнікам. Малодшым жа хочацца ні ў чым не саступаць старэйшаму пакаленню і яны пачынаюць актыўна знішчаць усякія задаткі духоўнасці і чалавечннасці ў сабе самых, бо становіцца важным не тое, што ты робіш, чым займаешся, а як пра цябе падумаюць і як ўспрымуць іншыя. Заставацца «белай варонай» нікому не хочацца, вось і ідуць на такія ахвяры семнаццацігадовыя хлопцы і дзяўчаты, парою здраджваючы сваім поглядам, інтарэсам і прынцыпам.

У выніку атрымоўваецца так, што да моманту сканчэння ўніверсітэту са студэнтаў атрымоўваюцца не толькі спецыялісты пэўнай галіны, але і алкаголікі са стажам, каторыя не маюць сумлення і пачуцця ўласнай годнасці. Аднак «нет худа без добра». Інтэрнат − гэта тое асяроддзе, дзе заўсёды можна знайсці добрых сяброў і аднадумцаў. Тут можна павысіць свае кулінарныя здольнасці, развіцца фізічна. Галоўнае памятаць, што заўсёды ёсць выбар паміж чорным і белым, паміж дэградацыяй і развіццём, і гэты выбар залежыць ад самога чалавека.

Ян ГАБІС