Грамадскае абмеркаванне лёсу гістарычнага будынку ў Гродне скончылася безвынікова

|

Прадстаўнікі фірмы, якая займаецца праектам рэканструкцыі будынка, выступаюць за яго знос. Супраць таго падыходу гарадзенскія краязнаўцы і гісторыкі.

Як паведаміў “Твайму стылю” гарадзенскі краязнаўца Ігар Лапеха, які браў удзел у грамадскім абмеркаванні, сустрэча скончылася безвынікова.

Галава камісіі савета дэпутатаў па культуры Аляксандр Ласмінскі, які вёў сход, заявіў, што яго ўдзельнікі неправамоцныя прымаць аніякіх рашэнняў па гэтым пытанні. Займацца лёсам будынка павінна Міністэрства культуры.

Удзел у сустрэчы бралі прадстаўнікі Беларускага народнага банку, якому належыць будынак, фірмы “ЗОВ”, якая займаецца праектам рэканструкцыі, дэпутаты гарсавету, сябры камісіі па культуры і захаванні гістарычнай спадчыны, журналісты ды некалькі прадстаўнікоў грамадскасці.

Будынак, вакол якога разгарнуліся спрэчкі, быў пабудаваны у пачатку XX ст. і з’яўляецца цікавым прыкладам мадэрну.

Яго ўладальнікам быў шляхціц, купец 2-ой гільдыі Уладзімір Крэйцар (тагачасны адрас – Гарохавая № 3). У 1910 г. сядзіба купца Крэйцара складалася з новага двухпавярховага з мезанінам мураванага дома, пакрытага бляхай, аднапавярховага з мезанінам флігеля, хлява і саду. На першым паверсе дома ў трох пакоях месціўся магазін домаўладальніка, у мезаніне быў склад, які займаў два пакоі. Іншыя памяшканні займала кватэра домаўладальніка з лазенкай, трыма гаўбцамі і верандай.

Тры гады таму з будынку выселілі апошніх жыльцоў і аптэку. Сам будынак два гады таму быў прададзены Беларускаму Народнаму Банку, рэкламай якога зараз завешаны фасад будынку з боку вуліцы.

Як паведамляе harodnia.com, прадстаўнікі банку доўгі час вагаліся, ці рабіць добрую рэканструкцыю будынку з захаваннем яго гістарычнай адметнасці альбо знесці будынак. Два месяцы таму фірма “ЗОВ”, якая распрацоўвае праект рэканструкцыі, звярнулася ў гарвыканкам з прапановай знесці будынак.

Катэгарычна супраць гэтага выступаюць гарадзенскія гісторыкі, якія яшчэ вясной 2008 г. звярталіся да кіраўніцтва Беларускага Народнага Банку з просьбай захаваць будынак. Адказу, аднак, аўтары звароту так і не дачакаліся.

Праведзеная летам 2007-га г. па ініцыятыве гарадзенскіх гісторыкаў незалежная архітэктурная экспертыза паказала, што будынак (помнік архітэктуры другой катэгорыі каштоўнасці) можна захаваць цалкам.

Галоўнай адметнасцю будынка з’яўляюцца дэталі ляпніны, зробленыя па невядомай зараз тэхналогіі.

 

На здымку: Дом купца Крэйцара можа папоўніць спіс згубленых каштоўнасцяў гістарычнай спадчыны Гродна.

Фота: harodnia.com