Створаны аргкамітэт па святкаванні 100-годдзя з дня нараджэння Ларысы Геніюш

|

Як паведамілі naviny.by, у склад аргкамітэту ўвайшлі літаратары, навукоўцы і грамадскія дзеячы з Гродна, Мінску, Беластока, Слоніма. Сярод іх – унук Ларысы Геніюш Міхась, прафесар Гарадзенскага ўніверсітэту імя Янкі Купалы Аляксей Пяткевіч, каардынатар кніжнай серыі “Гарадзенская бібліятэка” Павал Мажэйка, журналіст “Газеты Слонімскай” Сяргей Чыгрын.

Пры гэтым у складзе аргкамітэта не знайшлося месца жыхару Зельвы Юрыю Качуку, які на працягу 15 год рэгулярна ладзіў памятныя мерапрыемствы, прысвечаныя памяці вялікай паэткі. У размове з карэспандэнтам “Твайго стылю” сп. Качук паведаміў, што першы раз чуе пра заснаванне такога аргкамітэту.

Ларыса Геніюш нарадзілася 9 жніўня 1910 года ў маёнтку Жлобаўцы ў Ваўкавыскім раёне. У 1935 годзе вышла замуж за студэнта Карлаўскага ўніверсітэту Янку Геніюша і ў 1937 году выехала да яго ў Прагу, дзе ў 1947 г. атрымала чэхаславацкае грамадзянства.

У 1948 г. па загадзе з Масквы была арыштаваная і вывезеная ў СССР.

7 лютага 1949 года Ларыса Геніюш была асуджана на 25 гадоў па артыкулах Крымінальнага кодэкса БССР 66 i 76, прынятых яшчэ ў 1926 годзе. Фармулёўкі гэтых артыкулаў: “контррэвалюцыйная арганізацыйная дзейнасць” i “дапамога міжнароднай буржуазіі ў ажыццяўленьні варожай дзейнасці”. Пакаранне адбывала ў Комі АССР.

У 1956 г. Геніюшаў вызвалілі і яны вярнуліся на радзіму мужа ў Зельву.

Тут паэтка пражыла пад пільным наглядам КГБ.

Пры яе жыцці выйшлі кнігі “Невадам з Нёмана” (1967) і “На чабары настоена” (1982). Пасля смерці – “Белы сон” (1990), “Споведзь” (1993), “Выбраныя творы” (2000) и “Каб вы ведалі” (2005).

 

Малюнк: gdb.rferl.org